2 снежня 2016 года на кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай быў арганізаваны цыкл выхаваўчых мерапрыемстваў "Краскі маёй Радзімы", які завяршыўся яркай літаратурна-мастацкай акцыяй. Студэнты з Азербайджана, Кітая, Лівіі, Мазамбіка, Таджыкістана, Туркменістана, Эквадора і Японіі падрыхтавалі выдатныя прэзентацыі, арыгінальна прадставілі свае краіны. Яркімі фарбамі зайгралі нават самыя аддаленыя куткі свету!
Дурдыева Гульнара была адзначана дыпломам за самае лепшае сачыненне пад назвай «Сімвалічныя колеры маёй краіны». Вераніка Армендарыз і Караліна Марэйра натхнёна расказалі аб сваёй радзіме — Эквадоры.
Студэнты з Мазамбіка не толькі паказалі прыгажосць роднай краіны, але і прадэманстравалі дызайнерскі талент, арганізаваўшы модны міні-паказ нацыянальных касцюмаў.
Бесіа Мата і Куна Сіака з сябрамі проста заваражыў публіку.
Мангольскі танец будучага журналіста Бурыдэ нікога не пакінуў абыякавым.
У зале гучалі розныя мовы: руская, англійская, партугальская, японская, туркменская, таджыкская, арабская, кітайская. Мы разам вывучылі словы «прывітанне», «сябар» і «дзякуй» на розных мовах свету.
Ро Исіхара распавёў пра культурную спадчыну Японіі.
Грацыёзныя туркменскія дзяўчыны Аванэсава Улада, Мамедова Гульджаран і Сапарава Абадан расчулілі ўсіх выдатным народным туркменскім танцам.
Хайрулоева Наргіс і Вахідава Фарангіс з задавальненнем распавялі пра прыгожыя таджыкскія вясельныя традыцыі.
Мухамед Аль-Жахані прадставіў усім прысутным прыгажосці Лівіі.
Завяршылася свята на вельмі смачнай ноце. Усім спадабаліся нацыянальныя стравы: долма, туркменскі плоў, кітайскі тофу і беларускія хатнія пірагі.