18 лістапада замежныя студэнты БДУ з Туркменістана і Кітая наведалі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Абноўленая экспазіцыя "Старажытная Беларусь", якая расказвае пра першыя паселішчы людзей на нашых землях, іх заняткі, вераванні і паступовае развіццё цывілізацыі, выклікала непадробную цікавасць у студэнтаў.
Аднак значна большае ўражанне зрабілі на юнакоў і дзяўчат часовыя выставы. Выставачны праект аб пачатку кінематографа ў Беларусі "Час нямых зорак. Ад чорна-белага да чырвонага" ахоплівае перыяд ад пачатку ХХ стагоддзя да канца 30-х гадоў і адлюстроўвае першыя крокі развіцця сусветнага і беларускага кінематографа, надае ўвагу перавагам кінагледачоў, папулярным жанрам, персаналіям акцёраў нямога кіно. Студэнты пазнаёміліся з унікальнымі экспанатамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва, Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, кінастудыі "Ленфiльм", Нацыянальнай бібліятэкі Украіны і прыватных калекцый розных краін.
Студэнты зацікаўлена разглядалі кінаафішы, фатаграфіі кінатэатраў таго часу, фатаграфіі культавых акцёраў, сапраўдныя карты і гістарычныя дакументы, газеты і часопісы з рэцэнзіямі і рэкламай фільмаў, кадры са здымак, старонкі з успамінаў удзельнікаў здымак і гледачоў, прадметы побыту, касцюмы і аксэсуары, якія ствараюць атмасферу пачатку XX стагоддзя.
Па-новаму зірнуць на творчасць Марка Шагала змаглі пасля наведвання выставы карцін са шкла «Каханне — гэта палёт».
Студэнтам аддзялення "Мытная справа" асабліва спадабаўся выставачны праект "Гандаль Беларусі на вагах гісторыі", рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, кампаніі JTI і Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаній "Менка." Экспазіцыя дэманструе асноўныя этапы развіцця гандлю, яго ролю ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці нашай краіны: вытокі гандлю на старабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы натуральнай гаспадаркі, у перыяд рынкавых капіталістычных адносін, сістэму гандлю ў савецкі час. Студэнты з радасцю скарысталіся магчымасцю праверыць грашовыя купюры на сапраўднасць з дапамогай усталяваных у выставачнай зале інфрачырвоных дэтэктараў валют.
Але сапраўдным навагоднім падарункам і для студэнтаў і выкладчыкаў стала выстава «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы», прысвечаная цыклу беларускіх зімовых святаў. Памятныя фотаздымкі ў сапраўдных санях і ўнутры вялізнага навагодняга шара, магчымасць прымерыць сапраўдныя калядныя маскі або перанесціся ў тыповую савецкую кватэру з абавязковым наборам навагодніх традыцый — шампанскім, мандарынамі, Дзедам Марозам пад елкай, праглядам «Блакітнага агенька» за святочным сталом, знаёмства з рэцэптамі традыцыйнай беларускай кухні — гэта толькі некаторыя прыпыначныя пункты захапляльнага падарожжа па беларускіх святах ад прыходу зімы да яе правадоў, якое здзейснілі студэнты напярэдадні Новага года. Спадабаліся кітайскім навучэнцам сувеніры ручной работы — вельмі прыгожыя ёлачныя шары з ручным роспісам, якія яны набылі для сваіх блізкіх.
Аднак ж і праўда, зіма — час цудаў!
Кафедра тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай віншуе ўсіх з надыходзячымі святамі!