Подождите, идет загрузка сайта ...

Па цікаваму супадзенні 25 кастрычніка, як раз у перыяд святкавання 95-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 21-годдзя факультэта міжнародных адносін, нашу альма-матэр наведала незвычайная госця — дырэктар Цэнтра «Глабальная Еўропа» пры Кентскім універсітэце прафесар Алена Карасцялёва.

Алена Карасцялёва скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ ў 1994 г. па спецыяльнасці сацыялогія, стаўшы адным з першых спецыялістаў дадзенага профілю, падрыхтаваных у нашай краіне. Далейшая геаграфія навуковага шляху Алены не можа не здзіўляць: яна стала ўдзельніцай адукацыйнага абмену з Оксфардскім універсітэтам, пасля чаго ва Універсітэце Манчэстэра абараніла магістарскую дысертацыю, прысвечаную еўрапейскай палітыцы і міжнародным адносінам. Алена атрымала доктарскую ступень у галіне палітычнай сацыялогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 1997 г. і эквівалентную ёй доктарскую ступень у галіне еўрапейскай палітыкі ва Універсітэта Бата ў 2001 г. Пасля гэтага яна атрымала стыпендыю Брытанскай акадэміі навук для ажыццяўлення паслядоктарскіх даследаванняў ва Універсітэце Глазга, а таксама выступала ў якасці запрошанага навуковага супрацоўніка БДУ і Армянскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прафесар Карасцялёва стала першай жанчынай-прафесарам Кентскага ўніверсітэта ў школе палітыкі і міжнародных адносін у 2012 г.

ФМОn-line не магла прапусьціць магчымасць пагутарыць з выпускніцай БДУ і спытаць пра тое, што могуць чакаць студэнты і навучэнцы БДУ ад супрацоўніцтва з адным з вядучых брытанскіх універсітэтаў.

— Што дапамагло Вам вызначыць сферу навуковых інтарэсаў?

— Змены, на парозе якіх апынулася Беларусь і астатнія краіны постсавецкай прасторы, спрыялі мабільнай трансфармацыі грамадства, і сацыялогія стала навукай, якая дазволіла замерыць гэтыя змены. Акрамя таго, адукацыя стала больш даступнайі, зніклі многія бар'еры. Універсітэты і навуковыя ўстановы пачалі адкрываць доступ да архіваў, з'явіліся магчымасці для атрымання міжнароднага вопыту, замежныя спецыялісты прыязджалі з лекцыямі і майстар-класамі. На мяне зрабіла велізарнае ўражанне лекцыя Эрыха Фрома ў 1991 г. Гэта было неверагодна па мерках таго часу: аўдыторыя была запоўнена студэнтамі, выкладчыкамі, проста не было вольнага месца. З пашырэннем міжнародных сувязяў сталі магчымымі адукацыйныя абмены. Навучаючыся ў Англіі, я адкрыла для сябе сацыялогію як частку цэлага свету сацыяльных навук, а не адасобленую дысцыпліну. Тады я і зацікавілася паліталогіяй і праблемамі міжнародных адносін.

— Як развівалася міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі ў 1990-ыя гады?

— Неабходнасць падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў у сферы міжнародных адносін садзейнічала ўмацаванню сувязяў з замежнымі адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі. Так пачалі з'яўляцца першыя міжнародныя праекты. Адным з самых яркіх стаў сумесны праект Еўрапейскага Саюза і БДУ ў 19992002 гг., прысвечаны харызматычнаму лідэрству  адной з самых актуальных для ўсходнееўрапейскага рэгіёну тэм.

— Чым для вас цікавы факультэт міжнародных адносін сёння? 

— Можна вылучыць некалькі аспектаў. У першую чаргу, гэта, безумоўна, выкладчыцкі склад. Для яго характэрны цікавы і высокі ўзровень, а таксама шматгадовая практыка абмену вопытам. Кентскі ўніверсітэт супрацоўнічае з БДУ па цэлым шэрагу праектаў. Канферэнцыя «Беларусь у сучасным свеце» з'яўляецца першым мерапрыемствам у фармаце круглага стала, у рамках якога ажыццяўляецца абмен поглядамі на вектар і перспектывы развіцця Беларусі. Спадзяюся, што сустрэчы, падобныя гэтай, стануць рэгулярнымі падзеямі. Акрамя гэтага, БДУ мае ўсе магчымасці для таго, каб стаць рэгіянальным цэнтрам абмеркавання актуальных пытанняў міжнародных адносін і супрацоўніцтва ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Інтэнсіўны абмен ведамі, які ажыццяўляецца сёння на базе БДУ і ў прыватнасці ФМА, сведчыць пра гатоўнасць універсітэта ператварыцца ў такую міжнародную пляцоўку.

— Якія планы далейшага ўмацавання сувязяў паміж Кентскім універсітэтам і БДУ?

— Ёсць шмат амбіцыйных планаў, якія зараз абмяркоўваюцца нашымі ўніверсітэтамі. Было б цікава пашырыць фармат навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў. На базе Кентскага ўніверсітэта, да прыкладу, праводзіцца Глабальная канферэнцыя студэнтаў. Навучэнцы прадстаўляюць праекты, прысвечаныя канкрэтным тэмам міжнародных адносін, і лепшыя работы публікуюцца. Гэта выдатная магчымасць студэнтам паказаць сябе і зацікавіць патэнцыйных працадаўцаў, пры падтрымцы якіх праходзіць канферэнцыя. Варта адзначыць, што супрацоўніцтва не плануюць абмяжоўваць узроўнем бакалаўрыяту. Існуе рэгіянальная магістарская праграма з Армянскім дзяржаўным універсітэтам, што таксама можа стаць прыкладам для супрацоўніцтва з БДУ. Таксама для магістрантаў можна прапанаваць фармат канвенцыі — больш маштабнай падзеі, чым канферэнцыя, але з тымі ж мэтамі і магчымасцямі для маладых спецыялістаў. Для дактарантаў былі бы асабліва карыснымі буйныя праекты з удзелам палітыкаў вышэйшага ўзроўню. А для масавага прыцягнення студэнтаў на пачатковых этапах навучання можна арганізаваць форум у выглядзе папулярных зараз дэбатаў. Такое адкрытае мерапрыемства стымулявала б абмеркаванне надзённых тэм і фармаванне шматграннага і прафесійнага погляду ў будучых міжнароднікаў.

Пасля заканчэння гутаркі прафесар выказала надзею на тое, што перамовы БДУ і Кентскага ўніверсітэта ўвянчаюцца поспехам і падораць студэнтам і навучэнцам новыя магчымасці для абмену ведамі і вопытам з замежнымі калегамі. А пакуль нам трэба будзе наладзіць актыўны інфармацыйны абмен з Кентскім універсітэтам. Будзем чакаць навінаў з туманнага Альбіёна.

Інтэрв'ю брала Анастасія Хіоні, 4 курс, спецыяльнасць "Міжнароднае права" 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Мы ў сацыяльных сетках