17 кастрычніка 2016 г. на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў адбылася сустрэча студэнтаў 4 курса спецыяльнасці "Мытная справа" з магістранткай Стэфані Бергер (ЗША), якая праходзіць стажыроўку на факультэце міжнародных адносін. У сваім выступе прадстаўніца Амерыкі ярка, на канкрэтных прыкладах, абмалявала карціну дзейнасці Мытна-памежнай службы ЗША на сучасным этапе, а таксама адзначыла ролю і падтрымку дзяржавы ў яе паспяховым развіцці. Пры гэтым асаблівае месца было нададзена практыцы ўкаранення інфармацыйных сістэм і тэхналогій у сферы мытнай справы на прыкладзе ЗША. Таксама Стэфані пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з сістэмай адукацыі Злучаных Штатаў Амерыкі і падзялілася вопытам падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у сферы мытнай справы і іншых галінах.
Пасля свайго выступу Стэфані Бергер дэталёва адказала на пытанні прысутных пра ролю міжнароднага вопыту ў развіцці мытнай службы, удасканаленне работы мытных органаў ЗША і Рэспублікі Беларусь у сферы адначасовага спрашчэння працэдур гандлю і забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго, падчас размовы прысутныя студэнты і Стэфані ўзнялі пытанне аб культуры Беларусі і ЗША, беларускай і англійскай мовах і прыйшлі да высновы, што для міжкультурных зносін не існуе межаў.
Пасля заканчэння сустрэчы студэнты і выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў падзякавалі замежнаму дакладчыку за візіт і цікавае выступленне.
Кацярына Сушко, студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Мытная справа"