2 кастрычніка 2016 года ў Мінску завяршыўся Чэмпіянат свету па грэплінгу, у якім прынялі ўдзел больш за 600 спартсменаў з 32 краін свету. Арганізатарам чэмпіянату выступіла Беларуская федэрацыя рукапашнага бою і змешаных адзінаборстваў пад патранажам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
З мэтай забеспячэння камфортнага знаходжання замежных спартсменаў у нашай сталіцы і для правядзення чэмпіянату на высокім арганізацыйным узроўні студэнты факультэта міжнародных адносін аказалі садзейнічанне пры правядзенні спартовага мерапрыемства, працуючы валанцёрамі.
Студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Валерыя Дадзенкава ажыццяўляла моўнае суправаджэнне каманды з Іспаніі. Удзельнічаючы ў дадзеным валанцёрскім праекце, яна прадэманстравала выдатную лінгвістычную падрыхтоўку, што адзначылі самі носьбіты мовы. Арганізатары і ўдзельнікі чэмпіянату таксама высока ацанілі актыўнасць і гатоўнасць Валерыі дапамагчы на кожным этапе правядзення спаборніцтва.

