14 кастрычніка ў БДУ пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці. У гэты дзень адбудзецца святочны канцэрт, на якім мнагадзетныя мамы прымуць віншаванні (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 18.00. Упершыню ў рамках гэтага мерапрыемства асаблівая ўвага будзе нададзена бацькам, якія ў сілу жыццёвых абставін у адзіночку выхоўваюць дзяцей.
У праграму ўключаны музычныя нумары, падрыхтаваныя творчымі калектывамі БДУ.
Другой пляцоўкай для правядзення «Дня маці ў БДУ» стане хол Галоўнага корпуса БДУ (пр. Незалежнасці, 4). Тут з 12.00 да 15.00 адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі "#MothersDaywithBSU». На суд гледачоў прадставяць аматарскія фатаграфіі і відэа студэнтаў па двух зададзеных тэмах: «Мама і я» і «Я – Мама!». Акрамя таго, можна будзе азнаёміцца і з самымі кранальнымі подпісамі пад фота, адрасаванымі сваім матулям. Аўтараў лепшых работ узнагародзяць памятнымі сувенірамі. Таксама запланаваны выступленні ўдзельнікаў Творчага саюза БДУ, розныя конкурсы, будзе арганізавана фотозона з мімамі.
Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Саюз жанчын, упраўленне па справах культуры і выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУ.
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.