Дзень мытніка ... Гэтыя два словы заключаюць у сабе вялікі і значны сэнс для студэнта факультэта міжнародных адносін, таму што менавіта наш факультэт з'яўляецца alma mater не толькі для дыпламатаў, юрыстаў, перакладчыкаў, але і для будучых спецыялістаў мытнай справы.
Стала ўжо добрай традыцыяй для выкладчыкаў двух кафедраў: англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў і мытнай справы адзначаць Дзень мытніка. У гэтым годзе гэты дзень асаблівы: споўнілася дваццаць пяць гадоў Мытнай службе Рэспублікі Беларусь. 7 кастрычніка на факультэце адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтаму юбілею.
З прывітальным словам выступіла загадчыца кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў Святлана Аляксееўна Дубінка. Яна адзначыла важную ролю адукацыі і самаадукацыі ў сучасных умовах міжкультурных зносін для фарміравання высокіх прафесійных якасцяў будучых спецыялістаў-міжнароднікаў, у тым ліку супрацоўнікаў мытных органаў. Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся загадчык кафедры мытнай справы Віктар Аляксандравіч Астрога. Ён запэўніў, што выкладчыкі кафедры нацэлены ў сваёй працы на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў у сферы мытнай справы. Госць мерапрыемства, стажор з ЗША Стэфані Бергер, пажадала паспяховай працы і вучобы выкладчыкам і студэнтам факультэта.
У праграме свята прынялі ўдзел студэнты 1-3 курсаў спецыяльнасці "Мытная справа". Госці і ўдзельнікі гэтага мерапрыемства маглі праверыць свае веды ў віктарыне, прысвечанай мытнай тэматыцы, атрымаць асалоду ад цудоўнай акцёрскай гульнёй студэнтаў,ад майстэрства спевакоў з іх моцнымі і неверагодна прыгожымі галасамі, ад захапляльнага выступлення аператыўнага атрада, а таксама цудоўнай пластыкай танцораў. Выдатная атмасфера свята з'яўляецца несумненнай заслугай і нашых мілых вядучых, якім сапраўды ўдалося яе стварыць сваімі ўмелымі і ўзгодненымі дзеяннямі. З днём мытніка, калегі!
Анастасія Васіленка, студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Мытная справа"