Select your language

Адзін вясновы дзень змяняецца другім, пад цёплым майскім сонейкам Беларусь агорнута пахам яблыневых кветак, няўрымслівыя птушкі напаўняюць паветра радаснымі спеваміі ...

Студэнты і выкладчыкі спецыяльнасці "Менеджмент у сферы міжнароднага турызму» не ўпусцілі магчымасці пачарпнуць натхнення ў прыроды і ў выходныя 14—15 мая адправіліся даследаваць новы куток нашай краіны: у гасцінныя абдымкі Навагрудчыны.

Важнай асаблівасцю тура было тое, што ён распрацоўваўся сумеснымі намаганнямі мясцовай турыстычнай кампаніі «Навагрудак-тур» і саміх удзельнікаў экскурсіі. У праграме двухдзённага падарожжа акцэнт быў зроблены на разнастайнасці наведвальных аб'ектаў і спалучэнні розных відаў турызму: экалагічнага, аздараўленчага, культурна-пазнавальнага, рэлігійнага і этнаграфічнага.

Падчас экскурсіі студэнты пазнаёміліся з турыстычным патэнцыялам такіх старадаўніх беларускіх мястэчак як Мір, Карэлічы, Шчорсы, Любча і Уселюб, дзе наведалі родавыя шляхецкія маёнткі Храптовічаў, Кішак, Радзівілаў і Урурков. У першай сталіцы ВКЛ — Наваградку — галоўнымі аб'ектамі наведвання сталі замкавая гара і дом-музей Адама Міцкевіча.

Духоўна-маральны выраз падарожжа знайшло у наведванні Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, Фарнага касцёла ў Наваградку (дзе шлюб Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай паклаў пачатак дынастыі Ягелонаў), самага старога касцёла Беларусі ва Усялюбе (1433 г.), а таксама дзеючай навагрудскай мячэці.

Яркія ўражанні пакінулі маляўнічыя пейзажы Налібоцкай пушчы, ландшафтнага заказніка "Свіцязянскі" і старадаўніх паркаў пры былых магнацкіх сядзібах.

У аграсядзібе "Залатая падкова" студэнты пазнаёміліся з творчасцю мясцовага самародка Алены Міхайлаўны Піразевай, якая малюе і вышывае карціны і іконы, а таксама стварае іх мазаікі з бяросты. Этнаграфічны складнік экскурсіі дапоўніла наведванне наваградскага дома рамёстваў.

Завяршальным элементам падарожжа стала тэатралізаванае прадстаўленне "Гражына" па аднайменнай паэме Адама Міцкевіча на беразе маляўнічага возера Літоўка. Перад вачыма экскурсантаў разгарнуўся бой доблесных рыцараў і паветра напоўніў звон мячоў ...

Пасля двухдзённых прыгод па Навагрудскаму краі ўсе вандроўцы сышліся на тым, што, толькі прапусціўшы праз сэрца ўражанні ад знаёмства з куткамі беларускай зямлі, пачынаеш адчуваць сваю прыналежнасць да сапраўды багатай духоўнай спадчыны, да вялікай гісторыі, якая вяршылася на землях нашай радзімы.

За добрую арганізацыю і правядзенне экскурсіі мы выказваем асаблівую падзяку дырэктару турыстычнай кампаніі «Навагрудак-тур» Антону Дзмітрыевічу Крывопусту і экскурсаводу Сяргею Уладзіміравічу Казаку.

{gallery}2016/2016_05_15{/gallery}