Select your language

18 мая ў Ліцэі БДУ адбылося адкрыццё VI-га Рэспубліканскага фестывалю замежных студэнтаў "Дні рускай мовы і беларускай культуры», арганізаванага кафедрай тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай. Фестываль адкрывала выстава творчых работ замежных студэнтаў, таксама адбыўся ўрачысты канцэрт.

У выставе "Нацыянальная культура і традыцыі" прынялі ўдзел ВНУ, у якіх вучацца замежныя студэнты: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Ваенная Акадэмія Рэспублікі Беларусь, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Выстава атрымалася багатай, яркай і прыгожай. Увазе гасцей былі прадстаўлены ўнікальныя сувеніры, нацыянальныя касцюмы і музычныя інструменты з Кітая, Ірана, Туркменістана, Марока, Эквадора, Нігерыі, Венесуэлы, В'етнама, Лівіі, Лівана, а таксама незвычайныя творчыя работы, выкананыя замежнымі студэнтамі самастойна.

Асобна варта адзначыць фотазону, прадстаўленую студэнтамі факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ. Кожны жадаючы мог зрабіць памятнае фота ў афрыканскім нацыянальным касцюме. Кітайскія студэнты гэтага факультэта парадавалі гасцей фестывалю «ажыўшым» цмокам.

Студэнты з Марока, якія вучацца ў БНТУ, падрыхтавалі адразу некалькі страў нацыянальнай кухні. Усе жадаючыя маглі паспрабаваць аладкі і піражкі са смачнымі мяснымі начынкамі, а таксама прысмакі. Чароўная дзяўчына ў прыгожым нацыянальным строі заварвала і налівала  мараканскі чай. І кожны, хто жадаў паспрабаваць гэты чай, атрымліваў таксама акуратна згорнутыя лісточкі паперы з вершамі пра цудоўныя ўласцівасці гэтага гаючага напою.

Уразіў прыгажосцю і ўсходнім багаццем стэнд, прадстаўлены іранскім пасольствам. Можна было не толькі палюбавацца, але і навучыцца асновам пісьма пярсідскай вяззю.

Удзельнік выставы, слухач курсаў БДУ з Амерыкі, прадставіў увазе плакат з генеалагічным дрэвам сваёй сям'і, у якой ёсць беларускія карані.

Выдатныя словы прамовіў на ўрачыстым адкрыцці фестывалю дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Генадзьевіч Шадурскі: «Наш фестываль дэманструе багацце свету і яго разнастайнасць. Можна сказаць, што ўвесь свет прысутнічае сёння ў Беларусі і на нашым фестывалі».

{gallery}2016/2016_05_18{/gallery}