4 мая на факультэце міжнародных адносін БДУ прайшла акцыя «Турызм для ўсіх?». Акцыя была арганізавана актывам студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Інавацыйныя тэхналогіі ў турызме», якая функцыянуе пры кафедры міжнароднага турызму. Акцыя праводзілася ў рамках Тыдня даступнасці 2016, які ўжо чацвёрты раз праводзіць Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Больш падрабязна пра Тыдзень даступнасці можна пачытаць ТУТ
Актыўнымі арганізатарамі акцыі сталі студэнты розных курсаў аддзялення "Міжнародны турызм", сярод іх Анастасія Мохань (4 курс), Алена Пяткевіч і Кацярына Новікава (3 курс), Анастасія Глушакова і Марыя Прохарчык (1 курс). Кіравала працай актывістаў выкладчык кафедры міжнароднага турызму, аспірант Наталля Барысенка-Клепач.
Ідэя акцыі складалася ў тым, каб паказаць, што сёння турызм не адкрыты для ўсіх. Калі чалавек мае нейкія асаблівыя патрэбы падчас падарожжа, то для яго паездка —гэта набор перашкодаў для пераадолення, а не задавальненне ад адпачынку. Пра гэта ішла гаворка ў відэароліку, знятым непасрэдна актывістамі СНДЛ, які трансляваўся на вялікім перапынку ў холе 7 паверха факультэта. Ролік распавядае аб падарожжах сям'і Джонсан, у якой ёсць і бацькі з маленькім дзіцем, і дзядуля з праблемамі слыху, і бабуля, якая ходзіць з палачкай, і цётачка, якая пакутуе залішняй вагой, і іншыя члены сям'і, кожны са сваімі асаблівасцямі. І ўсе гэтыя персанажы адпраўляюцца ў падарожжа, дзе іх чакаюць розныя перашкоды: ціхі голас экскурсавода падчас экскурсіі, які немагчыма пачуць, лесвіцы і бардзюры, якія складана пераадолець з калыскай, і многае іншае. Выхад з гэтай сітуацыі — гэта развіццё безбар'ернага турызму, гэта значыць турызму для ўсіх, у тым ліку людзей з інваліднасцю, пажылых людзей, бацькоў з маленькімі дзецьмі і г.д. Падчас акцыі студэнтам раздаваліся рэкламныя матэрыялы пра тое, што такое безбар'ернага турызм і чаму яго важна развіваць.
На гэтым актывісты не збіраюцца спыняцца. Ужо зусім хутка, 11 мая, на ФМА пройдзе семінар па маніторынгу даступнасці аб'ектаў турызму для людзей з інваліднасцю, удзельнікам якога можа стаць любы жадаючы (пачатак семінара —у 15.00, ауд.706, для ўдзелу неабходна зарэгістравацца праз форму http://goo.gl/forms/nJBsjY9xzh.
У задумках актывістаў шэраг інтэрв'ю па тэме, новыя відэа і іншыя творчыя ініцыятывы. Калі Вам цікавы гэты кірунак, звяртайцеся на кафедру міжнароднага турызму, мы заўсёды будзем рады новым членам каманды. І не забывайце — змены вакол можа пачаць кожны!

