Select your language

У аўторак, 26 красавіка, Клуб перакладчыкаў (кафедрa англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў) правёў сваё чарговае пасяджэнне. У гэты раз яно было прысвечана асаблівай падзеі: 21 красавіка Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II адзначыла свой дзевяносты дзень нараджэння. Члены Клуба і госці мелі ўнікальную магчымасць даведацца шмат новых і цікавых фактаў з жыцця самай знакамітай жанчыны Злучанага Каралеўства, а таксама адчуць сябе сапраўднымі перакладчыкамі, замацаваць навыкі ў самай складанай вобласці гэтай прафесіі — вусным перакладзе.

Каб падкрэсліць асаблівую святочную атмасферу пасяджэння, прадстаўніцы прыгожай паловы нашага Клуба надзелі капялюшыкі, тым самым аддаўшы даніну самаму вядомаму хобі Яе Вялікасці.

Студэнты 4 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства" падрыхтавалі выступленні, у якіх расказалі пра гісторыю брытанскай манархіі, аб дзейнасці Яе Вялікасці на карысць сваёй краіны і звычаях каралеўскага двара. Вялікую цікавасць выклікалі факты з біяграфіі каралевы Лізаветы і яе мужа. Асабліва хочацца адзначыць выступленне Наталлі Кіравай, студэнткі 4 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства", якая расказала нам пра феномен брытанскай манархіі як сусветна вядомага брэнда.

Кіраўнік Клуба перакладчыкаў, старшы выкладчык кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў Элеанора Аляксандраўна Дзмітрыева, правяла ўласнае расследаванне і прысвяціла свой выступ звычкам Яе Вялікасці, а таксама яе сімпатыям і антыпатыям. Варта адзначыць, што гэтая інфармацыя малавядома шырокай публіцы і нячаста сустракаецца на старонках газет і часопісаў.

Як звычайна, для перакладу кожнага выступу запрашаліся два добраахвотніка з ліку прысутных. Па правілах Клуба, перакладчыкам невядомы тэкст, але яны атрымліваюць на рукі слоўнік да яго. На гэты раз пасяджэнне Клуба было асабліва шматлюдным, яго наведалі студэнты першага і другога курсу спецыяльнасцяў "Міжнародныя адносіны" і "Міжнароднае права". Яны мелі выдатную магчымасць паспрабаваць свае сілы ў вусным перакладзе як англійскіх, так і рускіх тэкстаў нароўні з пастаяннымі членамі Клуба. Самым смелым удзельнікам і актыўным перакладчыкам у гэты раз быў прызнаны студэнт 4 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства" Данііл Краснапрошын.

Прыходзьце да нас! На пасяджэннях Клуба вы можаце не толькі акунуцца ў атмасферу адной з самых складаных, займальных і высакародных прафесій, але таксама даведацца шмат новага і цікавага!

 {gallery}2016/2016_04_26{/gallery}