Пасля ўваходу нашай каманды ў ТОП-16 лепшых каманд свету на "алімпійскіх гульнях" па міжнароднаму праву — Конкурсе імя Джэсапа (Jessup International Law Moot Court Competition), цяжка было чакаць чагосьці большага!
Але нашы дзяўчыны паднеслі нам яшчэ адзін падарунак: пасля падвядзення ўсіх вынікаў спаборніцтва, у ноч з суботы на нядзелю па Вашынгтоне, стала вядома, што пісьмовы выклад аргументацыі нашай каманды (т.зв. memorials), які асобна ацэньваецца нароўні з вуснымі выступамі, заняў 2 месца, саступіўшы толькі аргументацыі Ізраіля і пакінуўшы ззаду прэстыжныя ўніверсітэты з усіх кантынентаў (Калумбійскую школу права ЗША, Каралеўскі каледж Лондана, Нью-ёркскі ўніверсітэт, Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура, Аўстралійскі нацыянальны ўніверсітэт і г.д.)
Гэта азначае, што наша каманда пад кіраўніцтвам трэнераў здолела распрацаваць і выказаць на англійскай мове такую прававую аргументацыю, якая была прызнана другой ў свеце! Нагадаем: у гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічае 132 каманды з 86 краін свету!
Віншуем нашу каманду з «алімпійскім» срэбрам у адным з самых складаных «відаў спорту» для юрыста-міжнародніка — ўменні пісьмова выкласці пераканаўчую прававую аргументацыю на замежнай мове!
Гэта беспрэцэдэнтнае, гістарычнае дасягненне і для факультэта, і для ўніверсітэта, і для нацыянальнай школы міжнароднага права, і для краіны. Дзякуючы нашай камандзе Беларусь з'явілася на першых пазіцыях яшчэ ў адным прэстыжным сусветным прафесійным рэйтынгу!!
Каманда, трэнеры і кафедра міжнароднага права выказваюць вялікую ўдзячнасць кампаніі "Аб'ектСтыль" за тое, што ўсё гэта стала магчымым дзякуючы іх фінансавай падтрымцы.