З 8 па 12 снежня на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў прайшлі мерапрыемствы ў рамках штогадовага Каляднага праекта Twelve Days of Christmas. У гэтым годзе Christmas project парадаваў і студэнтаў, і выкладчыкаў ФМА падарыўшы ўнікальную магчымасць акунуцца ў перадкалядную і пераднавагоднюю атмасферу. Падчас кірмашу на 9 паверсе можна было бачыць арыгінальныя ёлачкі ручной работы, выкананыя ў розных тэхніках, пагутарыць з іх аўтарамі; паспытаць хатніх дэсертаў і ўзяць рэцэпты сабе на заметку, а таксама паўдзельнічаць у сумесных спевах калядных мелодый. Госці, якія наведалі свята, мелі магчымасць развучыць навагоднюю задорыстую танцавальную песню на дацкай мове, якой можна здзівіць сваіх родных і блізкіх у навагоднюю ноч.
Падчас кірмашу студэнты ФМА праявілі сябе ў зусім новым амплуа — як выдатныя кулінары, мастакі і скульптары. Разнастайнасць каляднай выпечкі і дэкарыравання печыва прыемна здзівіла гасцей. А чаго каштаваў гарачы яблычны глінтвейн са спецыямі па ўнікальным безалкагольным рэцэпце пяцікурснікаў! Настрой казкі прыўнёс бальны танец студэнта 1 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" Кірыла Швайбовіча і калядныя гімны ў выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дзякуючы выдатнаму веданню англійскай мовы, усе прысутныя з задавальненнем падпявалі знаёмыя мелодыі. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся бьюті-салон, дзе можна было не толькі атрымаць кансультацыі пра модныя тэндэнцыі 2015 года і набыць касметыку ручной работы, але і зрабіць прыгожыя навагоднія татуіроўкі, уладальнікі якіх шчасліва ўсміхаліся і дарылі ўсім настрой свята.
Кульмінацыяй Каляднага праекту стаў вялікі гала-канцэрт, у якім прынялі ўдзел самыя таленавітыя студэнты спецыяльнасцяў «Сусветная эканоміка», «Менеджмент у сферы турызму» і «Мытная справа». На канцэрце былі абвешчаныя вынікі конкурсаў ёлачак і паштовак ручной работы, узнагароджаны ўдзельнікі мерапрыемстваў. Унікальныя шэдэўры студэнцкай творчасці настолькі ўразілі арганізатараў і гасцей конкурсу, што прама з канцэрту ёлачкі і паштоўкі адправіліся на выставу ў бібліятэку. І зараз нават пасля заканчэння праекта работы студэнтаў будуць працягваць ствараць калядны настрой.
Лізавета Шавель, студэнтка 5 курса спецыяльнасці "Менеджмент у сферы турызму», Марыя Рудэнка і Дар'я Гарасцюк, студэнткі 4 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"