Перадсвяточны настрой не абмінуў і Клуб перакладчыкаў, чарговае пасяджэнне якога адбылося ў мінулую пятніцу (12.12.14). Чароўная атмасфера свята Нараджэння Хрыстова і Новага года прынесла членам і гасцям Клуба шмат станоўчых эмоцый.
Як звычайна, адкрывала пасяджэнне рубрыка Элеаноры Аляксандраўны Дзмітрыевай «Саветы юным перакладчыкам». У гэты раз Элеанора Аляксандраўна надала асаблівую ўвагу тэхніцы запісаў вуснага перакладчыка. Члены Клуба даведаліся, што нават перакладчык са стажам не заўсёды можа дакладна перадаць выказванне, калі яно вельмі доўгае. І тут на дапамогу прыходзяць запісы, якія перакладчык робіць падчас працы. Пазней, падчас перакладу, гэтыя запісы дапамагаюць аднавіць у памяці пачутае раней выказванне і адначасова само запісванне стымулюе працэс запамінання. Члены Клуба зразумелі, што ўменню весці такія запісы можна і трэба навучыцца і, акрамя таго, можна стварыць сваю ўласную сістэму вядзення такіх запісаў.
Далей праходзіла звычайная праца Клуба. Удзельнікам пасяджэння выпаў шанец перавесці прывітальную прамову каралевы Англіі Лізаветы II да свята Божага Нараджэння, а таксама навагодняе віншаванне Прэзідэнта нашай краіны А. Р. Лукашэнка. Перакладчыкам прыйшлося нялёгка, але з дапамогай членаў Клуба, яны паспяхова справіліся з цяжкай задачай.
У розных краінах свету існуюць свае традыцыі сустракаць Новы год. Цікавая падборка такіх традыцый з маляўнічымі ілюстрацыямі была прадстаўлена Клубу. Прысутныя дзівіліся таму, што ў Галандыі велізарнае мноства людзей у шапачках Санта Клаўса здзяйснялі заплыў ў Паўночным моры. Аказваецца, у Індыі няма адзінай даты свята. А ў Андах мужчыны з маленькіх вёсачак б'юцца на кулаках. Гараскоп на наступны год паабяцаў усім поспех, а забаўныя і кранальныя лісты дзяцей Санта Клаўсу і Дзеду Марозу далі магчымасць пасмяяцца.
Заключнай часткай пасяджэння стала калядная віктарына, якую падрыхтавалі студэнткі пятага курса Маша Аксючыц і Алена Дабравольская. Кожны з членаў Клуба змог праявіць свае веды, звязаныя са святам Божага Нараджэння. Сачыце за навінамі на сайце Клуба: vk.com (http://vk.com/interpreter_club).
Да хуткай сустрэчы!