Подождите, идет загрузка сайта ...

2014_12_098 снежня на факультэце міжнародных адносін прайшло свята «Суквецце культур», арганізаванае кафедрай тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел замежныя студэнты, якія вучацца на розных факультэтах БДУ.

Падрыхтоўка да конкурсаў пачалася за некалькі дзён да пачатку свята. Загадзя студэнты падрыхтавалі сачыненні і плакаты. Тэмы былі розныя: «Душа майго народа», «Традыцыі майго народа» і інш. Але аб'ядноўвала іх адна — ўсе яны былі прысвечаны Радзіме. Неабходна адзначыць выдатнае афармленне сачыненняў: яркія фатаграфіі, ілюстрацыі.

Была прадстаўлена нацыянальная кухня. Госці маглі паспрабаваць вельмі смачны туркменскі і таджыкскі плоў, а таксама ўсходнія прысмакі: пахлаву, незвычайны для беларусаў чак-чак і іншыя.

На самым свяце студэнты паказвалі прэзентацыі аб сваіх краінах, гарадах. Былі цікавыя аповеды пра Азербайджан, Туркменістан, Таджыкістан, Германію, Нігерыю, Нідэрланды, Сербію, аб Франкфурце. Усе яны суправаджаліся паказам слайдаў.

Свае веды рускай мовы навучэнцы дэманстравалі, чытаючы вершы на рускай мове. Вельмі кранальна гучалі радкі А. Пушкіна з вуснаў нямецкага студэнта, Я. Яўтушэнка з вуснаў кітайца. Туркменскі студэнт Акмамедаў Мухамет чытаў вершы Амара Хаяма.

Парадавалі гледачоў нумары мастацкай самадзейнасці. Гучалі песні на рускай мове. Студэнты з Туркменістана і Таджыкістана спявалі спачатку на роднай мове, затым выдатна выканалі песні «Камарова», «Я люблю цябе да слёз».

Студэнты з Кітая паказалі невялікі спектакль «Белая змейка», у якім арганічна спалучаліся яркія касцюмы, кітайская музыка і нават фрагменты баявых мастацтваў.

Хлопцы з Японіі расказалі аб прыгожым сімвале сваёй краіны — сакуры.

Цікавы аповяд пра ахалцекінскіх каней, ілюстраваны маляўнічымі слайдамі, падрыхтаваў туркменскі студэнт.

І, вядома, вельмі яркімі былі танцавальныя выступленні ў выдатных нацыянальных касцюмах. Азербайджанскі юнак Фуад Мамедаў і туркменская дзяўчына Джанет Кулыева выканалі запальную лезгінку. Танцавалі туркменскія дзяўчыны з салісткай Агулджан Халбаевай і іншы нацыянальны танец Куштдзепдзі. Таджыкскія юнакі паказалі гледачам танец арла.

Скончылася прыгожае свята чаяваннем з пірагамі, якія пяклі выкладчыкі кафедры, і іншымі беларускімі прысмакамі: варэннем, печывам, сушкамі. Пілі гарбату з сапраўднага рускага самавара.

Студэнтам і выкладчыкам не хацелася разыходзіцца пасля такога выдатнага цёплага свята, якое аб'ядноўвае людзей розных краін і народаў.

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках

Зараз на сайце два госця і ніводнага зарэгістраванага