Сёння зносіны паміж людзьмі не маюць межаў. Адлегласць больш не з'яўляецца перашкодай: у інтэрнэце мы можам размаўляць з людзьмі, якія жывуць на іншым кантыненце. Час таксама не мае значэнне, бо знаходзячыся ў розных гадзінных паясах, мы можам весці перамовы, нават калі ў нас раніца, а на іншым канцы «провада» ужо канец працоўнага дня. Ды і гаворым мы ўсе на англійскай мове. У такіх абставінах часам здаецца, што свет перастаў быць рэльефным, а прыняў плоскую форму. Актыўная глабалізацыя зрабіла людзей з розных краін і з розных культур вельмі падобнымі: усе мы носім джынсы і п'ём Coca-Cola. У нейкі момант гэта стварае ілюзію, што больш няма прынцыповай розніцы паміж людзьмі, якія належаць да розных культур. Але, безумоўна, гэта толькі ілюзія. Прычым ілюзія вельмі небяспечная і зманлівая, асабліва ў сферы міжнароднага бізнесу.
Менавіта таму асаблівасці розных культур і іх традыцый у сферы бізнэсу сталі галоўнай тэмай навуковага семінара на англійскай мове, які быў праведзены на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў 28 лістападзе 2014 года. У мерапрыемстве ўзялі актыўны ўдзел студэнты 4 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка», а арганізатарам навуковага семінара выступіла Святлана Аляксееўна Дубінка, дацэнт, загадчык кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў. Сярод гасцей на семінары прысутнічалі выкладчыкі кафедры: дацэнт Н. А. Крапіцкая, старшы выкладчык С. Г. Борэка, старшы выкладчык Т. В. Шміт, выкладчык А. В. Пільгун. Студэнты падрыхтавалі мноства праектаў, якія закраналі розныя сферы міжкультурных бізнес-камунікацый. Дзелавы дрэс-код, мова жэстаў, этыкет прыёму ежы, правілы і звычаі вядзення бізнесу, а таксама асаблівасці правядзення дзелавых перамоў у розных культурах — усе гэтыя тэмы знайшлі сваё адлюстраванне ў дакладах выступоўцаў. Геаграфія даследаванняў была не менш шырокая: студэнты вывучылі культурныя асаблівасці краін ад Злучаных Штатаў Амерыкі да Сінгапура, не абыходзячы, вядома ж, такія еўрапейскія краіны, як Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Нарвегія. Не забыліся і пра нашых бліжэйшых суседзяў: стэрэатыпы ў дачыненні да бізнесу ў Расіі, якія ўзнікаюць у замежнікаў, яшчэ адзін цікавы праект, прадстаўленне якога скончылася актыўнай дыскусіяй.
Такім чынам, студэнты змаглі на канкрэтных прыкладах паказаць, як небяспечна недаацэньваць адрозненні ў нацыянальным і культурным паходжанні людзей і як важна разумець, што, нягледзячы на цяперашнія працэсы глабалізацыі і вестэрнізацыі, шлях да прадуктыўных узаемаадносінаў паміж людзьмі з розных краін ляжыць праз талерантнасць і персанальны падыход да кожнай асобы.
Кацярына Міхайлоўская, студэнтка 4 курса "Сусветная экономіка"