У пачатку лістапада на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча студэнтаў 1 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" з прафесарам T. Джоунзам з Англіі.
Гэта не першы візіт прафесара у Беларусь, у наш універсітэт. Яму падабаецца беларуская гасціннасць, добразычлівасць мінчан і сардэчны прыём студэнтаў нашага факультэта.
На занятках па вуснай практыцы англійскай мовы ў групах першага курса аддзялення "Сусветная эканоміка» абмяркоўваліся актуальныя пытанні ў рамках тэматыкі курса «Сям'я, сямейныя адносіны, праблемы пакаленняў». Удзельнікі дыскусіі свабодна і актыўна выказвалі свае меркаванні па розных пытаннях сямейных адносін, разважалі пра ролю сям'і і яе значэнне ў сучасным грамадстве.
Тэры Джоунз расказаў падрабязна пра сваю сям'ю, пра традыцыі англійскай сям'і і з задавальненнем адказаў на ўсе пытанні студэнтаў. Гутарка вялася выключна на англійскай мове, што выклікала непадробную цікавасць у студэнтаў. Жывая гаворка з носьбітам мовы — гэта тая міжкультурная камунікацыя, якая так важная для студэнтаў, асабліва студэнтаў першага курса, якія вывучаюць англійскую мову як замежную. Варта адзначыць, што гаворка Т. Джоунза была зразумелай ўсім, ён стараўся гаварыць павольна і выразна. Такія сустрэчы з носьбітамі мовы вельмі важныя і з моўнага, і з інфарматыўнага боку. На такіх занятках непрыкметна пераадольваецца моўны бар'ер, фармуюцца навыкі правільнага вымаўлення, мова засвойваецца ў працэсе жывых зносін. Гэта добрая трэніроўка ўспрымаць замежную размову на слых, быць удзельнікамі складанага працэсу міжкультурнай камунікацыі.
Мы запрасілі Т. Джоунза прыехаць да нас у наступным годзе, паабяцаўшы пашырыць круг цікавых і актуальных тэм зносін на англійскай мове.
Падрыхтавала сустрэчу з Т. Джоунзам дацэнт кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў Алена Іванаўна Маркасьян.