21 лістапада 2014 г. ў 17:00 адбудзецца адкрыццё выставы «Выратаваныя каштоўнасці». У экспазіцыі будуць прадстаўлены некалькі дзясяткаў твораў усходняга і рускага мастацтва: у асноўным гэта рускі іканапіс, меднае мастацкае ліццё, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Індыі і Кітая. Арганізатары выставы — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Беларусі дзяржаўны ўніверсітэт.
Экспанаты для выставы прадаставілі Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Музей гісторыі медыцыны Беларусі. Гэтыя прадметы атрыманы ў розны час ад мытных органаў Беларусі, якія затрымалі іх на мяжы.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь даўно і плённа супрацоўнічае з БДУ: прапануе лекцыі і тэматычныя заняткі для студэнтаў спецыяльнасці "Мытная справа" ФМА БДУ.
Кафедра мытнай справы ФМА БДУ актыўна ўдзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі выставы, дапамагала ў падборы фатаграфічнага матэрыялу, які ілюструе дзейнасць мытных органаў па супрацьдзеянні нелегальнаму вывазу культурных каштоўнасцяў.
Спадзяемся, што дадзеная экспазіцыя прыцягне ўвагу як спецыялістаў, так і шырокага гледача.
Экспанаванне выставы плануецца па 12 лютага 2015 года.