Подождите, идет загрузка сайта ...

2014_11_12_04

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Б. Бакнэл прыняў удзел у працы «круглага стала» і наведаў юбілейную выставу, прысвечаную 100-годдзю Першай сусветнай вайны, якая была арганізавана факультэтам міжнародных адносін БДУ і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.

5 лістапада на факультэце міжнародных адносін БДУ быў праведзены "круглы стол» «Стагоддзе вялікай вайны: погляд з Беларусі", а таксама адбылося адкрыццё фотаэкспазіцыі, прысвечанай гэтай даце. Арганізатарамі мерапрыемстваў сталі ФМА БДУ і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Удзел у навуковай дыскусіі прыняў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнэл. З навуковымі дакладамі таксама выступілі дэкан ФМА БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Генадзевіч Шадурскі, дырэктар НАРБ, доктар гістарычных навук Аляксандр Леанідавіч Самовіч, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Віктаравіч Ляхоўскі і інш.

У сваім прывітальным слове В. Г. Шадурскі адзначыў, што сёння цікавасць да падзей стогадовай даўнасці значна ўзрос. Вайна 1914—1918 гг. закранула большасць беларускіх сем'яў. У многіх на франтах той вайны ваявалі дзяды і прадзеды. Віктар Генадзьевіч застаў жывым свайго дзеда, які ваяваў на палях Першай сусветнай, але, на жаль, у свой час ніхто з сям'і не запісаў яго ўспамінаў пра тыя падзеі. Сёння мы чэрпаем інфармацыю аб глабальным ваенным канфлікце 1914—1918 гг. з нешматлікіх навуковых прац, мемуараў, тэлеперадач, што відавочна недастаткова. Вялікая вайна аказала велізарны ўплыў на Беларусь; яна пакінула глыбокі след у біяграфіях многіх вядомых людзей, так ці інакш звязаных з нашым краем. Гэта велізарны пласт нашай гісторыі, які яшчэ недастаткова вывучаны.

Сваімі думкамі аб Першай сусветнай вайне і аб яе ролі ў сусветнай гісторыі падзяліўся госць «круглага стала» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнэл. Ён адзначыў, што для Вялікабрытаніі Вялікая вайна мела велізарнае значэнне, якое можна параўнаць са значэннем Вялікай Айчыннай вайны для савецкага грамадства. Да 1914 г. Брытанская імперыя была вельмі багатай і адной з самых уплывовых краін свету. Першая сусветная вайна як бы падсумавала «брытанскі перыяд» сусветнай гісторыі. Вопыт дзвюх сусветных войнаў прымушае сёння ўсіх, хто ў адказе за свет, больш пільна ставіцца да палітычных зменаў у іншых дзяржавах, якія могуць прывесці да новых кропак міжнароднай напружанасці. Ён нагадаў аб тым, як прыйшлі да ўлады фашысты і нацысты ў Германіі і Італіі ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя. Спадар амбасадар таксама адзначыў існуючыя гістарычныя паралелі паміж тагачаснымі і сённяшнімі падзеямі ў свеце. Ён падкрэсліў неабходнасць далейшага вывучэння глабальнага геапалітычнага канфлікту стогадовай даўнасці. Гэта актуальна для аналізу сучаснай сусветнай палітыкі, бо тэрарыстычныя акты пачатку ХХІ стагоддзя і анархічныя акцыі напярэдадні «пралогу ХХ стагоддзя» па сваёй сутнасці вельмі падобныя паміж сабой. Але, праводзячы паралелі паміж 1914 і 2014 гг., мы можам убачыць важныя адрозненні: сёння вялікая адказнасць за захаванне міру ўскладаецца на грамадскую думку і на існуючыя міжнародныя інстытуты па ўрэгуляванні міжнародных канфліктаў, такіх як Савет Бяспекі ААН, АБСЕ і інш.

А. Л. Самовіч выступіў з навуковым паведамленнем «Баі на расейска-германскім фронце на тэрыторыі Беларусі ў 1915 вачыма брытанскага ваеннага аташэ Альфрэда Нокс». Апошні пакінуў важныя дакументальныя сведчанні пра сваё знаходжанне ў Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскімі ўзброенымі сіламі ў Магілёве. Брытанскі афіцэр шмат піша пра сітуацыю з бежанцамі, заўважаючы, што расейскія салдаты ставіліся да вымушаных выгнаннікаў «з сапраўднай цеплынёй», адчуваючы пры гэтым сваю віну за няздольнасць ўтрымаць лінію фронту. Што тычыцца характару баёў на расейска-германскім фронце, А. Нокс высока ацаніў стойкасць рускіх салдат, але адначасова адзначаў іх маральную стомленасць, факты дэзертырства і ўхілення ад службы. Брытанскі ваенны аташэ бачыў недахопы ваеннага кіравання расійскай арміяй і стараўся давесці свае назіранні да Мікалая ІІ. А. Л. Самовіч падкрэсліў, што брытанскі дыпламат не быў скаваны рамкамі цэнзуры і пакінуў нам важныя сведчанні аб сітуацыі ў расійскай арміі і яе тылавых падраздзяленнях.

У заключэнне сваёй прамове Аляксандр Леанідавіч запрасіў студэнтаў факультэта міжнародных адносін наведаць Нацыянальны архіў і папоўніць там свае веды.

У. В. Ляхоўскі, адзначыў, што стан вывучанасці гісторыі Вялікай вайны ў Беларусі характарызуецца наступнымі фактамі: калі бібліяграфія тэмы «Беларусь падчас Другой сусветнай вайны і ў гады Вялікай Айчыннай вайны» ўключаюць звыш 10 тыс. публікацый, то па гісторыі Першай сусветнай вайны налічваецца ўсяго некалькі дзесяткаў пазіцый. Сфармаваныя за некалькі дзесяцігоддзяў стэрэатыпы і міфалагемы ў дачыненні да дадзенай вайны ў савецкі перыяд, не заўсёды адпавядалі гістарычнай праўдзе. Многія пытанні па гісторыі дадзенага перыяду застаюцца на перыферыі або нават за перыферыяй навуковых даследаванняў у нашай краіне. Прабелай у нашай гістарыяграфіі застаецца тэма кайзераўскай акупацыі. Не забудзем і пра запатрабаваныя сучасным грамадствам тэмы: «Гендэр і Першая сусветная вайна», «Уплыў ваенных падзей 1914—1918 гг. на фарміраванне падрастаючага пакалення»,«Паўсядзённае жыццё насельніцтва ў гады Вялікай вады» і інш. Варта адзначыць істотнае адставанне беларускіх гісторыкаў у вывучэнні гэтых пытанняў ад сваіх калегаў з Расіі, Украіны і краін Балтыі, дзе ўжо паспелі скласціся цэлыя навуковыя школы ў вывучэнні дадзенага перыяду. Сёння неабходна нарасціць дакументальную базу па дадзенай праблематыцы. Гэта дазволіць з цягам часу запоўніць наяўныя прабелы, звязаныя з глабальным геапалітычным канфліктам 1914—1918 гг.

Д. А. Мігун у сваім выступе адзначыў, што сёння вельмі модным з'яўляецца пытанне «хто ж вінаваты?» На гэтае пытанне няма адназначнага адказу. Безумоўна, вінаватыя палітычныя эліты. Акрамя таго, Дзмітрый Адамовіч заўважыў, што сёння мала гістарычных дакументаў, якія б пралілі святло на асобныя падзеі 1914—1918 гг. Што ж тычыцца сучасных даследаванняў, то, да прыкладу, у Еўропе робіцца акцэнт не на ваенных дзеяннях, а на бытавых пытаннях. Так, існуюць даследаванні на тэму коней у Першую сусветную вайну ці на тэму прыродных рэсурсаў і т. д. Дзмітрый Адамовіч таксама адзначыў, што, як і любая іншая, Першая сусветная вайна выклікала хвалю патрыятызму сярод насельніцтва Еўропы. Так, Зігмунд Фрэйд неўзабаве пасля пачатку вайны сказаў: «Маё лібіда належыць Аўстрыі».

Пасля завяршэння працы «круглага стала» яго ўдзельнікі наведалі фотаэкспазіцыю, прысвечаную падзеям Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, якая была падрыхтавана А. Л. Самовіч і У. В. Ляхаўскім.

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках

Зараз на сайце два госця і ніводнага зарэгістраванага