
З 23 па 26 верасня студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ прынялі ўдзел у рэгіянальнай сустрэчы выпускнікоў праграм Фонду падтрымкі публічнай дыпламатыі ім. А. М. Гарчакова.
Адкрыццё праграмы пачалося з наведвання ўдзельнікамі Прыднястроўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Т. Г. Шаўчэнка (г .Ціраспаль), на базе якога прайшлі асноўныя дыскусіі. З прывітальным словам перад удзельнікамі сустрэчы выступіў рэктар ПДУ В. П. Сцяпанаў, пажадаўшы маладым экспертам устанаўлення новых рабочых кантактаў і рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў. Далей афіцыйныя асобы, у іх ліку спадарыня Н. В. Штанскі, кампетэнтна адказалі на пытанні, звязаныя з актуальнымі аспектамі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў кантэксце еўразійскай інтэграцыі, з прызнаннем у міжнародным праве і г.д. Спадарыня Штанскі таксама выказала шчырую надзею на далейшае ўмацаванне сяброўскіх сувязяў з Беларуссю ў цэлым і факультэтам міжнародных адносін БДУ у прыватнасці.
Акрамя інтэрактыўных круглых сталоў, прэзентацый грамадскіх арганізацый праграмай быў прадугледжаны культурны складнік. Маладыя міжнароднікі і больш вопытныя калегі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы наведалі Бендэрскую крэпасць, усклалі кветкі да мемарыяла абаронцам Прыднястроўя, пабывалі на экскурсіі ў Нова-Нямецком манастыры, на вечары прыднястроўскай культуры. Візіт дэлегацыі інтэнсіўна асвятляўся мясцовымі тэлеканаламі.
Сваімі ўражаннямі ад паездкі дзеліцца студэнтка 5 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Кацярына Краўцова:
«Скажу шчыра, я была вельмі напружана, ад'язджаючы ў Ціраспаль, у невядомую мне краіну да незнаёмых людзей. Але ўжо на другі дзень знаходжання там я зразумела, што чатырох дзён мне недастаткова, таму што трэба яшчэ столькі ўсяго паглядзець, у многіх месцах пабываць, столькі пытанняў задаць!
Людзі, з якімі давялося сустракацца, пакінулі шэраг станоўчых уражанняў і эмоцый. Усе, выключна ўсе людзі мне спадабаліся, з кожным было што абмеркаваць, пра што пагаварыць. Удзел у гэтай сустрэчы для мяне, студэнткі, стаў значным вопытам. І дазволіў мне гэты вопыт атрымаць Фонд Гарчакова, за што асобны паклон і вялікі дзякуй.
Пра ПМР можна напісаць тысячы слоў, і нават сотні тысяч, але каб зразумець гэтую краіну, варта ўсяго толькі раз там пабываць. А замест тысячы слоў, у мяне для Прыднястроўя ёсць адно — сябар».
Высокую ацэнку прыёму даў прысутны там намеснік выканаўчага дырэктара Фонду Р. Н. Грышэнін.
Удзельнікі праграмы далучаюцца да слоў падзякі, як у адрас прымаючага боку, так і Фонду Гарчакова і спадзяюцца на ўдзел у новых мерапрыемствах на ўзроўні грамадскай дыпламатыі.
Першая рэгіянальная сустрэча сяброў Фонду Гарчакова адбылася ў красавіку бягучага года ў Мінску пасля паспяхова праведзенага праекта «Дыпламатычны семінар маладых экспертаў Расіі, Украіны і Беларусі» пры непасрэдным садзейнічанні кіраўніцтва ФМА БДУ, а таксама актыўным удзеле студэнтаў факультэта.
Падрабязна пра ўзровень арганізацыі сустрэчы можна даведацца на афіцыйным сайце Фонду Гарчакова: www.gorchakovfund.ru
Аўтар: Раман Баранаў
{gallery}2014/2014_09_26{/gallery}