5 мая адбылося чарговае пасяджэнне Клуба перакладчыкаў. Яно было прысвечана 450 - гадоваму юбілею вялікага англійскага паэта і драматурга Уільяма Шэкспіра. Пасяджэнне наведалі паважаныя госці: дэкан факультэта Віктар Генадзьевіч Шадурскі, намеснік дэкана па інфармацыйных тэхналогіях Андрэй Уладзіміравіч Селіванаў і намеснік дэкана па навуковай рабоце Вольга Фёдараўна Малашанкава.
Свята пачалося з кароткай лекцыі Э. А. Дзмітрыевай. На гэты раз яна не расказвала пра мастацтва перакладу, а прывяла некалькі малавядомых фактаў з жыцця юбіляра.
Затым студэнты 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" ў форме вучонага дыспуту спрабавалі адказаць на пытанне: ці існаваў Шэкспір на самай справе? Аўдыторыя аднадушна пагадзілася з высновай дакладчыкаў: усё роўна, хто аўтар твораў, якія прыпісваюцца Шэкспіру, бо яго геній вось ужо больш за 400 гадоў дорыць натхненне і радасць людзям усяго свету!
Студэнты 4 курса прадставілі выдатную пастаноўку некалькіх сцэн з трагедыі Шэкспіра "Макбет", якая суправаджалася паслядоўным перакладам. «Акцёрам» удалося перадаць жвавасць размовы ведзьмаў, няўпэўненасць Макбета, харызму яго каварнай жонкі. Выдатныя касцюмы і рэквізіт дапамаглі стварыць адпаведную атмасферу. Віктар Генадзьевіч ацаніў талент студэнтаў гучнымі апладысментамі.
Далей студэнты дэкламавалі шэкспіраўскія санеты на англійскай і рускай мовах. Свой любімы 23 санет прачытала і Элеанора Аляксандраўна Дзмітрыева. У шэкспіраўскіх санетах ёсць асаблівая магія і аўдыторыя атрымлівала асалоду ад выдатнай прэзентацыі твораў аўтара.
Студэнты 1 курса прадставілі знакамітую сцэну пад балконам з «Рамэа і Джульеты». Аднак, замест таго, каб прызнавацца ў каханні адзін аднаму, героі рэкламавалі курыны булён! Атрымалася вельмі пацешна, і усе ад душы смяяліся.
Завяршыла пасяджэнне Клуба віктарына пра жыццё і творчасць Шэкспіра. Гульня атрымалася вельмі жывой і цікавай, а, галоўнае, пазнавальнай. Усе атрымалі шмат задавальнення, а ўдзельнікі прыемныя падарункі.
Майскае пасяджэнне Клуба перакладчыкаў стала апошнім у гэтым навучальным годзе. Але мы абавязкова зноў сустрэнемся ў верасні!
Яна Журовіч, Клуб Перакладчыкаў