З 12 па 20 красавіка для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцяў была арганізавана адукацыйная паездка ў Нідэрланды. Кіраўнікі паездкі — ст. выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў В. У. Волынцева і О. Ф. Курачак. Галандскім бокам спецыяльна для нашых студэнтаў была праведзена серыя адукацыйных семінараў, падчас якіх слухачы азнаёміліся з адметнымі рысамі эканамічнай сістэмы Нідэрландаў, а таксама з асаблівасцямі вядзення малога бізнесу.
Удзельнікі праграмы мелі таксама магчымасць наведаць парк кветак Кёкенхоф, вядомы порт Ратэрдама, электрастанцыю Maxima. Акрамя таго, беларускія студэнты наведалі ўніверсітэт Saxion, у якім была арганізавана сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі. Быў праведзены семінар на тэму «Тэндэнцыі развіцця сістэмы адукацыі Нідэрландаў на сучасным этапе. Вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі».
Студэнты атрымалі ўнікальную магчымасць прысутнічаць на лекцыі былога маркетолага кампаніі Apple, які падзяліўся сваімі ідэямі вядзення бізнесу і распавёў аб вялікім значэнні інавацый у сучасным свеце бізнесу. Пасля гэтага беларускія студэнты мелі магчымасць пагаварыць з выкладчыкамі, бізнесменамі і студэнтамі ў вольнай форме.
У Амстэрдаме для ўдзельнікаў праграмы была арганізавана адмысловая экскурсія на фабрыку брыльянтаў, дзе студэнты азнаёміліся з рознымі тэхналогіямі па апрацоўцы каштоўных камянёў. Удзельнікі праграмы наведалі такія гарады як Ратэрдам, Гаага, Дэвентар, Кёльн і Берлін.
У цэлым, хацелася б адзначыць, што ўдзельнікі праграмы атрымалі незабыўныя ўражанні і вопыт. Паколькі ўсе семінары і экскурсіі праводзіліся на англійскай мове, у студэнтаў была ўнікальная магчымасць папрактыкавацца ў мове.
Дар'я Гур'янава, Дар'яЛапіцкая, студэнткі 2 курса аддзялення "Сусветная эканоміка»
{gallery}2014/2014_05_02{/gallery}