Вось ужо больш за 10 гадоў на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў праводзяцца сустрэчы ў рамках навуковага дыскусійнага клуба пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры дац. С. А. Дубінка. Клуб аб'ядноўвае студэнтаў, выкладчыкаў кафедры і вучоных Нацыянальнай акадэміі навук у іх агульным жаданні абмяняцца вопытам зносін на англійскай мове. На гэты раз адбылася сустрэча студэнтаў 4 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка», выкладчыкаў кафедры Дубінка С. А., дац. Маркінай Л. В., старшага выкладчыка Сіверцавоай І. Г., старшага выкладчыка Барэка С. Г. з доктарам фізічных навук, прафесарам Эдуардам Іосіфавічам Зянкевічам, які зрабіў пазнавальную прэзентацыю на англійскай мове, прысвечаную такому актуальнаму пытанню, як укараненне нанатэхналогій у розныя сферы дзейнасці чалавека. Прадстаўлены праект распрацоўваўся сумесна з ВНУ Германіі. Пасля лекцыі адбылося бурнае абмеркаванне магчымасцяў прымянення нанатэхналогій у медыцыне, вытворчасці і іншых сферах у Рэспубліцы Беларусь.
На сустрэчы таксама прысутнічалі доктар фізічных навук, загадчык лабараторыі паўправадніковай оптаэлектронікі Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Аляксандравіч Малышаў, а таксама кандыдат хімічных навук, дацэнт Наталля Паўлаўна Машэрава.
Сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы і спрыяла пашырэнню навуковага кругагляду студэнтаў у галіне нанатэхналогій. Кафедра дзякуе членам навуковага дыскусійнага клуба за супрацоўніцтва, а студэнты з нецярпеннем будуць чакаць чарговых сустрэч з ганаровымі гасцямі на факультэце.
Ганна Далян , студэнтка 4 курса аддзялення "Сусветная эканоміка»


