18 красавіка 2014 г. факультэт міжнародных адносін БДУ наведала Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава. Яе візіт стаў адным з мерапрыемстваў у рамках святкавання 60- годдзя ўступлення Рэспублікі Беларусь у гэту аўтарытэтную міжнародную структуру. Ірыну Бокаву прадставіў рэктар БДУ С. У. Абламейка. Ён адзначыў, што госця скончыла МГІМО, Мэрылэндскі і Гарвардскі ўніверсітэты, узначальвала Міністэрства замежных спраў Балгарыі, а з восені 2009 г. узначальвае ЮНЕСКА. Затым Ірына Бокава выступіла перад студэнтамі факультэта з лекцыяй пра гісторыю і сучасныя напрамкі дзейнасці структуры, якую яна ўзначальвае. Яна расказала пра сучасны стан пытанняў устойлівага развіцця, адукацыі, навукі, культуры ў дзейнасці ЮНЕСКА. Так, было адзначана, што з 800 млн. непісьменных на планеце — дзве трэціх складаюць жанчыны. У гэтай сферы неабходны глабальны рывок. Было адзначана, што ў Беларусі існуе 4 аб'екты, уключаных у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Досыць падрабязна Ірына Бокава спынілася на ідэі новага гуманізму, як стратэгіі ЮНЕСКА ў новым стагоддзі. Затым Ірына Бокава адказала на шэраг пытанняў студэнтаў і выкладчыкаў. Вылучым некаторыя з іх.
— У ходзе візіту вы наведаеце беларускія музейныя комплексы ў Нясвіжы і Міры. А якія яшчэ культурныя аб'екты Беларусі могуць быць у будучым уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА? І што для гэтага неабходна ?
— У Беларусі ёсць шмат гістарычных мясцін. На дадзены момант у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключаны Нацыянальны парк "Белавежская пушча" (як прыродны трансгранічны аб'ект, сумесна з Польшчай), замкавы комплекс "Мір" (г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць), архітэктурна—культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы (Мінская вобласць), Дуга Струвэ ( трансгранічны аб'ект, 19 тапаграфічных кропак якога размешчаны на тэрыторыі Беларусі).
У прыкладны папярэдні спіс помнікаў культуры Беларусі ўключана 11 месцаў: Спаса- Праабражэнская царква, Сафійскі сабор у Полацку, Аўгустоўскі канал ( Гродзенская вобласць), Камянецкая вежа (Камянец, Брэсцкая вобласць) , Барысаглебская царква ( Гродна), Свята -Нікольскі жаночы манастыр (Магілёў ), Брэсцкая крэпасць, палацава—паркавы ансамбль Румянцавых—Паскевічаў (Гомель ), культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве ( Мінская і Брэсцкая вобласці), архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, драўляныя цэрквы Палесся, Нацыянальны парк "Белавежская пушча" ( пашыраны). І, вядома ж, для ўключэння ў Спіс аб'екты павінны прайсці адпаведную працэдуру.
— Вы будзеце ўрачыста ўручаць памятны медаль ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў» Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета. А якія яшчэ тэатры Еўропы і свету ўзнагароджаны гэтым медалём?
— Шчыра кажучы, напэўна, больш ніякія. Гэтым медалём, у асноўным, узнагароджваюць людзей — артыстаў, танцораў.
Таксама Ірына Бокава згадала вядомы міланскі тэатр Ла Скала і распавяла аб нядаўняй працэдуры ўручэння такога медаля самому, на яе думку, знакамітаму танцору балета.
— Калядны абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава Мінскага раёна ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А якія яшчэ абрады і традыцыі могуць быць уключаны ў гэты спіс ?
— Акрамя абраду "Калядныя цары", які з'яўляецца помнікам гістарычнай спадчыны ЮНЕСКА, у папярэдні спіс унесены калядная гульня "Жанiцьба Цярэшкi", якая захавалася ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці і традыцыя шапавальства ў Дрыбіне (Магілёўская вобласць).
— Як вы бачыце далейшае развіццё Праграмы ЮНЕСКА па біяэтыцы ? Які ўклад у яе рэалізацыю можа ўнесці Рэспубліка Беларусь?
Адказваючы на гэтае пытанне, Ірына Бокава падкрэсліла важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні пытанняў, звязаных з навакольным асяроддзем і падкрэсліла, што ЮНЕСКА вітае актыўную працу Беларусі з іншымі дзяржавамі ў сферы біяразнастайнасці і захавання навакольнага асяроддзя. Некаторыя асуджаюць ЮНЕСКА за тое, што яна надае ўвагу праграмам развіцця культуры і навукі, а не канцэнтруе ўсе свае сілы на вырашэнні глабальных праблем, напрыклад, палітычных, эканамічных (фінансавы крызіс у некаторых краінах), але дапамога ў рэалізацыі гэтых праектаў варта тых вынікаў, якія атрымліваюцца, бо грамадства таксама мае патрэбу ў гэтым.Таксама студэнты аддзялення міжнароднага турызму пазнаёмілі Ірыну Бокаву з вынікамі праекта праграмы ЮНЕСКА «Удзел студэнцкай супольнасці ў захаванні і выкарыстанні культурнай спадчыны для садзейнічання культуры свету і ўстойліваму развіццю» і падарылі Генеральнаму дырэктару выпушчаныя ў яго рамках матэрыялы. Пасля сустрэчы Ірына Бокава пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей факультэта міжнародных адносін БДУ.
{gallery}2014/2014_04_18{/gallery}