
Каманда БДУ ў складзе студэнтаў і магістрантаў М. Галаўніцкай, Я. Мякоткіна, М. Хаменка (факультэт міжнародных адносін) і А. Глушко (юрыдычны факультэт) пад кіраўніцтвам А. І. Анішчанкі (старэйшы выкладчык кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права факультэта міжнародных адносін) прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе па камерцыйнай медыяцыі. Унікальнае спаборніцтва штогадова праводзіцца Міжнароднай гандлевай палатай ў Парыжы (Францыя) і традыцыйна збірае каманды вядучых універсітэтаў, а таксама лепшых спецыялістаў па медыяцыі са ўсяго свету.
Сёлетні турнір стаў рэкордным: 58 каманд з 27 краін былі адабраныя па выніках двух папярэдніх этапаў. На фінал з'ехаліся 460 удзельнікаў, у тым ліку 110 спецыялістаў па медыяцыі, якія выступалі ў якасці арбітраў. Партнерамі конкурса выступілі вядомыя кампаніі і юрыдычныя фірмы: Siemens, Du Pont, BNP Paribas, General Electric, KPMG, Clifford Chanсe, White & Case, Hogan Lovells, Jones Day і інш.
Падчас спаборніцтваў удзельнікі спачатку выпрацоўвалі перамоўныя пазіцыі па зададзеных праблемам (у гэтым годзе яны тычыліся карпаратыўных канфліктаў, а таксама спрэчак у адносінах да аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і гандлю), а потым сустракаліся з камандамі-апанентамі і дамагаліся кансенсусу пры падтрымцы прафесіянальнага медыятара. Выйграўшы тры гульні з чатырох, у тым ліку ў каманды Міланскага універсітэта і украінскіх калег з Кіева-Магілянскай акадэміі, каманда БДУ ўвайшла ў лік 30 найлепшых, апярэдзіўшы такіх знакамітых сапернікаў як Harvard Law School (ЗША), Cornell University (ЗША), Erasmus University (Нідэрланды), University of Bonn (Германія), University of Fribourg (Швейцарыя), University of Sao Paolo (Бразілія), і стала лепшай з каманд постсавецкай прасторы.
Каманда шчыра дзякуе роднаму універсітэту і Мінскаму офісу АБСЕ за фінансавую падтрымку, а таксама юрыдычнай фірме "Сарайнен і партнеры" за ўсебаковую арганізацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў.