7 і 8 мая НАТА адчыніла свае дзверы для дэлегацыі выкладчыкаў і студэнтаў з БДУ, а дакладней — з факультэта міжнародных адносін і юрыдычнага факультэта. Сустрэча праходзіла ў штаб-кватэры арганізацыі, што ў Брусэлі. Удзельнікі атрымалі магчымасць наведаць таксама і ваенны штаб НАТА ў Монсе (Бельгія). Два дні прайшлі ў форме брыфінгаў з удзелам чыноўнікаў гэтай міжнароднай арганізаціі, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі розных структур і аддзяленняў. Арганізатарам і ініцыятарам сустрэчы стала аддзяленне публічнай дыпламатыі НАТА, якое займаецца наладжваннем сувязей паміж арганізацыяй і іншымі краінамі свету. Падчас сустрэч падымаліся пытанні міжнароднай і еўрапейскай бяспекі, структуры, сферы дзейнасці арганізацыі, механізму прыняцця рашэнняў, адносінаў з іншымі краінамі. Асаблівая ўвага надавалася пытанням супрацоўніцтва Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора з Расіяй, Украінай і Беларуссю. Мерапрыемства ўвогуле атрымалася вельмі прыязным, насычаным і інфарматыўным. Прадстаўнікі НАТА адзначылі высокую актыўнасць беларускіх удзельнікаў, з беларускага боку прагучала падзяка за цёплы прыем.
