1 сакавіка 2009 г. споўнілася б 65 год Леаніду Вікенцьевічу Лойке. Бліскучы дыпламат, гісторык, педагог, ён шмат гадоў аддаў працы на кафедры дыпламатычнай і консульскай службы ФМА БДУ, адным з заснавальнікаў якой ён і быў. Да апошняга дня Л. В. Лойка ўзначальваў кафедру ДКС, заклаў яе навуковыя, вучэбныя, метадычныя традыцыі, пад яго пільным вокам сфарміраваўся цэльны, згуртаваны калектыў выкладчыкаў, які лічыць за гонар працягваць сваю дзейнасць у тым рэчышчы, якое было вызначана Леанідам Вікенцьевічам. Л. В. Лойка надаваў вялікую ўвагу не толькі вучэбнай, але і навуковай працы студэнтаў, заўсёды заахвочваў іх да таго, каб яны грунтоўна паглыбляліся ў абраныя імі тэмы, імкнуліся да па-сапраўднаму навуковага асэнсавання праблем сучаснай дыпламатыі і міжнароднага жыцця. Развіваючы гэтую тэндэнцыю, калектыў кафедры ДКС прапанаваў заснаваць дыплом імя Л. В. Лойкі, што павінен уручацца студэнту спецыяльнасці "міжнародныя адносіны", які актыўна праявіў сябе на полі навуковай дзейнасці, прадэманстраваў свае даследчыя здольнасці. Галоўным крытэрыем з'яўляецца, канешне, наяўнасць у студэнта навуковых публікацый. Кіраўніцтва факультэта падтрымала дадзеную ініцыятыву, і 4 сакавіка 2009 г. былі праведзены першыя чытанні імя Л. В. Лойкі. У гэтых чытаннях прынялі ўдзел студэнты ФМА 3—5 курсаў. Яны падрыхтавалі выступленні па актуальных тэмах знешняй палітыкі, міжнародных адносін і дыпламатыі. Так, студэнт Аляксандр Кузняцоў зрабіў даклад на тэму "Міграцыйная палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі"; Вераніка Несцерава распавяла пра фарміраванне пазітыўнага міжнароднага іміджу Беларусі, а Таццяна Міхалка ахарактарызавала культурную дыпламатыю Расійскай Федэрацыі. Былі даклады, прысвечаныя пытанням дыпламатычнага прызнання Беларусі (Вікторыя Карнеева), эканамічнага супрацоўніцтва Расіі з краінамі СНД (Вікторыя Цімашэнка), Рэспубліцы Беларусь як суб'екту міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва (Міхаіл Астапчык). Асаблівую зацікаўленасць выклікаў даклад студэнткі 5 курса Юліі Шышэі, у якім яна распавяла пры жыццёвы шлях Л. В. Лойкі, пра яго дасягненні ў дыпламатычнай, навуковай, педагагічнай дзейнасці. Усе студэнты прадэманстравалі высокі ўзровень навуковага асэнсавання абраных праблем, таму можна смела меркаваць, што гэты першы крок у сапраўдную навуку будзе для іх толькі пачаткам доўгага і плённага шляху.
Дыпломам імя Л. В. Лойкі была ўзнагароджана студэнтка 3 курса Таццяна Міхалка. Яе даклад быў прызнаны адным з лепшых, акрамя таго, яна мела па дадзенай тэме навуковую публікацыю. Дыплом ёй быў урачыста ўручаны намеснікам дэкана ФМА БДУ А. А. Дастанка.
Калектыў кафедры ДКС выказвае спадзяванне, што штогадовае ўручэнне дыплома імя Л. В. Лойкі стане на факультэце яшчэ адной добрай традыцыяй і што гэтае мерапрыемства будзе садзейнічаць заахвочванню студэнтаў да навуковай працы.