Select your language

2009_02_27_0121 лютага ў Беларусі адзначаўся Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды па ўсёй краіне праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, адбываліся сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, паэтамі, літаратарамі, філолагамі. Факультэт міжнародных адносін таксама не мог абыйсці ўвагай такую падзею. У гэты дзень у госці на факультэт завіталі галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова" Уладзімір Куліковіч з шэрагам сваіх супрацоўнікаў і дырэктар радыёстанцыі "Беларусь" (а таксама таленавіты паэт) Навум Гальпяровіч.

Канешне, перад такім "дэсантам" нялёгка было ўстаяць. І студэнты, і выкладчыкі ахвотна адгукнуліся на прапанову аб сустрэчы. Было бачна, што сучасны стан і лёс беларускай мовы з'яўляецца для іх не абстрактнай, далёкай ад жыцця тэмай, але тым, што няспынна турбуе і кранае сэрца.

Уладзімір Куліковіч коратка азнаёміў слухачоў з гісторыяй Дня роднай мовы, распавядваў пра тыя падзеі, у памяць пра якія міжнародная супольнасць адзначае гэтае свята менавіта 21 лютага. Потым перайшоў да больш блізкіх для нас тэм. На думку Куліковіча (і наўрад ці хто з прысутных думаў інакш), Дзень роднай мовы - цудоўная магчымасць зноў узняць пытанне аб месцы беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве. Нельга забываць, адзначыў ён, што беларуская мова з'яўляецца ў нашай краіне не проста дзяржаўнай, але і вызначальнай для ідэнтыфікацыі беларускага народу. Яна - той сімвал, які найбольш яскрава сведчыць пра нашу нацыю, надае ёй уласнае, ні з чым не параўнальнае аблічча. У канцы свайго выступлення Уладзімір Куліковіч прэзентаваў новы нумар свайго часопіса, ахарактарызаваў найбольш цікавыя з надрукаваных артыкулаў і матэрыялаў.

Не меншую цікаўнасць выклікалі і словы Навума Гальпяровіча. Ён распавядаў пра дзейнасць радыёстанцыі "Беларусь", пра яе ролю ў распаўсюджванні беларускай мовы за межамі нашай краіны. Радыё не толькі знаёміць замежных слухачоў з гісторыяй, культурай Беларусі, але і трансліруе ўрокі беларускай мовы на англійскай, нямецкай і польскай мовах. Аказваецца, такія заняткі вельмі запатрабаваныя замежнымі слухачамі.

Слова ўзяў дэкан факультэта Віктар Шадурскі. Ён адзначыў, што кіраўніцтва факлуьтэта міжнародных адносін надае вельмі вялікую ўвагу беларускай мове. Не сакрэт, што сярод іншых дзяржаўных служачых менавіта беларускія дыпламаты адрозніваюцца найбольш дасканалым веданнем беларускай мовы. Гэта вельмі спрыяе ім у іх прафесійнай дзейнасці, бо эфектыўна адстойваць інтарэсы сваёй краіны, карыстацца павагай іншых можа толькі той, хто не проста шануе чужыя каштоўнасці, але і з павагай ставіцца да ўласнай моўнай, культурнай, гістарычнай спадчыны. Таму факультэт і далей будзе заахвочваць сваіх супрацоўнікаў і студэнтаў да пашырэння ўжывання беларускай мовы.

Прысутныя не маглі не скарыстацца магчымасцю задаць свае пытанні паважаным гасцям. Самыя розныя рэчы цікавілі аўдыторыю - ад новага правапісу да будучыні "тарашкевіцы". Аднак найбольш вострым і хвалюючым было пытанне пра далейшы лёс беларускай мовы. Вось ужо што нікога не магло пакінуць абыякавым! У адказ Уладзімір Куліковіч адзначыў, што нягледзячы на тыя цяжкасці, якія сустракае на сваім шляху беларуская мова (а цяжкасці гэтыя носяць аб'ектыўны характар і абумоўлены гістарычна), ідзе яе дынамічнае развіццё, і на сённяшні дзень беларуская мова можа задаволіць нават самыя смелыя патрэбы. І гэта абуджае цвёрды і спакойны аптымізм за яе лёс.

2009_02_27_02

2009_02_27_03

2009_02_27_04