12.12.2024 г. на факультэце міжнародных адносін пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці Міцевай Т. П. прайшло пасяджэнне гуртка англамоўнай паэзіі THE MUSIC OF POETRY на тэму "What a wonderful world" ("Які цудоўны свет!")
Мерапрыемства было прысвечана асаблівасцям розных культур, а таксама вопыту падарожжаў у розныя краіны і адлюстраванню гэтых тэм у англамоўнай паэзіі.
Студэнты падрыхтавалі свае любімыя вершы, прачыталі іх на англійскай мове, расказалі пра іх аўтараў. Былі падрыхтаваны розныя заданні для прысутных, дзе яны змаглі праявіць сваю моўную кемлівасць. Студэнты актыўна цікавіліся аўтарамі, іх ідэямі, задавалі дакладчыкам пытанні, дзяліліся сваімі здагадкамі аб схаваным сэнсе вершаў. Пасяджэнне было насычана цікавымі абмеркаваннямі, якія садзейнічаюць лепшаму разуменню культуры іншых краін. Былі і заданні, накіраваныя на кемлівасць, дзе студэнтам трэба было адрозніць створаны штучным інтэлектам паэтычны тэкст ад тэксту, напісанага чалавекам.
Удзельнікі актыўна абменьваліся ўражаннямі, аналізуючы стыль аўтараў, культуру розных краін, асаблівасці часовых эпох, схаваныя паэтычныя вобразы, адлюстраваныя ў вершах. У такіх вершах як "Eldorado" Эдгара Алана По кожны знайшоў свой схаваны, таямнічы Эльдарада, а патаемны востраў, схаваны ў вершы “If once you have slept on an island”, паўстаў для адных цёплай трапічнай лагунай, а для іншых халоднай непрыступнай выспай Скандынаўскіх краін.
Паседжанне стала яшчэ адным крокам у развіцці нашай літаратурнай супольнасці. У канцы пасяджэння старшыня Загарэўская Паліна выказала падзяку ўсім удзельнікам за актыўны ўдзел у пасяджэнні гуртка і іх уклад у вывучэнне паэзіі.