Select your language

Дарагія калегі, студэнты і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта!

 Віншую ўсіх нас з гадавінай з Дня заснавання БДУ! 

У гэтым свяце закладзена шмат сэнсаў і апорных кропак для паспяховага руху, развіцця. І не толькі самога ўніверсітэта, а кожнага з нас – датычнага да яго лёсу і гісторыі. Трохзнакавая лічба ва ўзросце БДУ адлюстроўвае багацце, змястоўнасць і сілу ВНУ. Выяўляецца гэта ва ўнікальных здольнасцях нашага БДУ захоўваць пераемнасць, традыцыі, аб’ядноўваць рознасць.

Пры сваёй фундаментальнасці наш універсітэт вельмі тонка рэагуе на час, яго запыты і патрабаванні, выбудоўваючы траекторыю свайго развіцця з улікам сучаснасці. Гэта мабільнасць, якая адлюстроўваецца ў адкрыцці новых запатрабаваных спецыяльнасцяў, міжнародных кантактах, інавацыйных навуковых праектах, патрабуе мабільнасці і ад нас саміх. Паколькі эпоха і свет змяняюцца, паскараюцца, нам усім трэба ўмець выходзіць з зоны камфорту і ўваходзіць у зону развіцця. 

БДУ гістарычна закладзена быць першым заўсёды. Але быць найлепшым універсітэтам у краіне і за яе межамі патрабуе пастаяннай і напружанай працы. Першым стаць лёгка, складана першынство ўтрымаць. У БДУ закладзены велізарны патэнцыял захаваць і перадаць лідарства іншым пакаленням. Усе магчымасці знаходзяцца ў нашых студэнтах і калектыве.

Я ўдзячны ўсім калегам, студэнтам, якія сваёй штодзённай працай уносяць уклад у развіццё беларускай адукацыі, яе якасць, імкнуцца навуковымі дасягненнямі супрацьстаяць выклікам і апярэдзіць час. Мы сёння ўсе разам будуем найноўшую гісторыю нашай краіны, мы штодня залучаны ў ход падзей, якія ў далейшым апішуць у падручніках. І вельмі важна, каб сваім прыкладам мы напоўнілі іх якасным зместам. Таму я шчыра жадаю ўсім здароўя, поспехаў, добрых у жыцці падзей і энергіі, міру, дабра і спакою!

Са святам, дарагі ўніверсітэт! 

З павагай, рэктар БДУ Андрэй Кароль