1 кастрычніка 2024 года споўнілася 75 гадоў з Дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі!
Дзень утварэння КНР – 国庆节 – з'яўляецца самым галоўным святам краіны. Менавіта ў гэты дзень у 1949 годзе на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне Старшынёй КНР Мао Цзэдунам было абвешчана ўтварэнне КНР, а 2 снежня таго ж года цэнтральны народны ўрад выдаў пастанову аб аб'яўленні 1 кастрычніка нацыянальным святам.
З нагоды свята выкладчыкамі кафедры ўсходазнаўства 2 кастрычніка 2024 г. былі арганізаваны тэматычныя мерапрыемствы для студэнтаў ФМА.
Старшы выкладчык Лешчанка Ксенія Ігараўна і выкладчык Сун Сінь правялі для студэнтаў 3-4 курсаў спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" міні-вакшоп "Добрыя пажаданні з нагоды свята". Студэнты папрактыкаваліся ў майстэрстве каліграфіі, напісаўшы на спецыяльных картках радкі з кітайскай класікі, а затым абмяняліся адно з адным сваімі каліграфічнымі віншаваннямі. Мерапрыемства працягнулася дыскусіяй на тэму "Як я звязаў свой лёс з Кітаем". Выкладчык Сун Сінь ў сваю чаргу расказала аб сваім вопыце пражывання ў Беларусі, адзначыўшы, што асабліва цэніць у нашай краіне добразычлівасць яе жыхароў і атмасферу спакою і камфорту.
На 3-4 курсах спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства" пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Лешчанкі К. І. і выкладчыка Чжэн Цзяюнь прайшоў круглы стол на тэму "Новы Кітай: гісторыя і сучаснасць". Студэнты-ўсходазнаўцы прадставілі даклады на кітайскай мове на такія тэмы, як "Кароткі экскурс у гісторыю КПК", "Дзень утварэння КНР: гістарычны кантэкст", "Сацыялізм з кітайскай спецыфікай новай эпохі: асноўныя палажэнні", "Унікальнасць беларуска-кітайскіх адносін усепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства", таксама абмеркавалі рэалізацыю ініцыятывы "Пояс і шлях" і канцэпцыю "Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва", прапанаваную Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
Пасля выступлення з дакладамі студэнты прынялі ўдзел у падрыхтаванай выкладчыкамі віктарыне па гісторыі Кітая, у якой найлепшы вынік паказала студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства" Лідзія Журко.
У час мерапрыемстваў студэнты прадэманстравалі высокі ўзровень моўнай і краіназнаўчай падрыхтоўкі, жывую цікавасць да паглыблення ведаў аб Кітайскай Народнай Рэспубліцы, яе гісторыі і культуры, і выказалі надзею актыўна прымяняць атрыманыя веды ў будучай прафесійнай дзейнасці.
{gallery}2024/2024_10_01{/gallery}