15 мая ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі прайшло мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму дню партугальскай мовы. Арганізатарамі гэтай падзеі выступілі старшыя выкладчыкі партугальскай мовы кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Ю.І. Сіняўская і Т.С. Шарупіч. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі студэнты факультэта міжнародных адносін спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Сусветная эканоміка", якія вывучаюць партугальскую мову. Падзея была арганізавана пры падтрымцы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь.
Святкаванне Сусветнага дня партугальскай мовы сабрала студэнтаў і выкладчыкаў факультэта міжнародных адносін БДУ і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і ўсіх, хто цікавіцца партугальскай мовай, гісторыяй і культурай партугаламоўных краін.
Мерапрыемства праходзіла ў сяброўскай атмасферы: вяліся дэбаты на тэму "Redes sociais: benefícios e malefícios", асвятлялася гісторыя з'яўлення Сусветнага дня партугальскай мовы, гучалі песні ў выкананні студэнтаў, дэкламаваліся вершы на партугальскай мове. Фіналам вечарыны сталі майстар-клас па самбе (бразільскі танец, сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці бразільцаў), а таксама выступленні Школы капаэйры Grupo Axé Capoeira. Вядучымі мерапрыемства былі Балдэ Мамаду Аліу, студэнт 1 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» і Аліна Алёшнікава, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка».
5 мая адзначаецца Сусветны дзень партугальскай мовы. Гэта дата была заснавана ў 2009 годзе Садружнасцю партугаламоўных краін (парт. CPLP) з мэтай развіцця пачуцця агульнасці і плюралізму партугаламоўных народаў. З гэтай нагоды дзяржавы, міжнародныя арганізацыі і грамадзянская супольнасць адзначаюць значнасць мовы як часткі самабытнасці лузафонных народаў. Гэтая дата падкрэслівае той факт, што партугальская мова займае пятае месца ў свеце па распаўсюджанасці, з'яўляючыся роднай мовай для каля 280 мільёнаў чалавек на чатырох кантынентах, а таксама самай распаўсюджанай мовай у Паўднёвым паўшар'і.
Партугальская мова на факультэце міжнародных адносін выкладаецца з 1999 года як першая, так і як другая замежная мова. Факультэт міжнародных адносін БДУ – адна з нямногіх навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, дзе вывучаецца партугальская мова, таму нашы выпускнікі па-за канкурэнцыяй. Яны працуюць у дзяржаўных установах, дзяржаўных і прыватных кампаніях, такіх, як МЗС, Беларуская калійная кампанія, Прамагралізінг, кампаніі ІТ-сектара і г. д. Штогод партугальская мова выкладаецца адначасова ў 5 навучальных групах, напаўняльнасць якіх у сярэднім 10 студэнтаў.
Секцыя партугальскай мовы ФМА працуе ў цесным супрацоўніцтве з Пасольствам Бразіліі з моманту яго адкрыцця ў Рэспубліцы Беларусь. Супрацоўнікі Пасольства праводзяць рэгулярныя сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, у якасці акта добрай волі чытаюць курсы лекцый па гісторыі і геаграфіі Бразіліі, эканоміцы і знешняй палітыцы Бразіліі ў рамках курса «Краіназнаўства Партугаліі і партугаламоўных краін», выступаюць у якасці журы ў секцыі партугальскай мовы Навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Апроч дыпломаў, пераможцы канферэнцыі атрымліваюць каштоўныя прызы ад Амбасады Бразіліі. Асобна варта адзначыць, што на базе ФМА Пасольствам Бразіліі была створана самая буйная бібліятэка мастацкай і грамадска-публіцыстычнай літаратуры на партугальскай мове, якая па памерах фонду большая за бібліятэку самога Пасольства.
{gallery}2024/2024_05_15_03{/gallery}