Select your language

Праз многія дзесяцігоддзі памяць аб подзвігу народа, які ўнёс найвялікшы ўклад у Перамогу над фашызмам – святая!

16 мая 2024 г. занятак па нямецкай мове ў групе 3 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў і прайшоў пад тэмай "Folgen des Großen Vaterlanddischen Krieges für Belarus" (Наступствы Вялікай Айчыннай вайны для Беларусі»).

Белая Кацярына і Цыўлікаў Ягор, падрыхтаваўшы прэзентацыю, азнаёмілі аднагрупнікаў з наступствамі ВАВ для Рэспублікі Беларусь. Пасля чаго іншыя ўдзельнікі дзяліліся на нямецкай мове ўспамінамі сваіх прадзедаў і прабабуль пра вайну.

Перамога над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне была дасягнута цаной вялікіх ахвяр і незаменных страт беларускага народа. Нямецкія захопнікі пакінулі пасля сябе жудасны крывавы след, беды і нябачанае спусташэнне. Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, знішчэння людзей, разрабавання нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыі дзяржаўнага ладу. На захопленай тэрыторыі нацысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы. Злачынствы акупантаў па сваёй масавасці і страшнай жорсткасці не ведалі сабе роўных у найноўшай гісторыі Беларусі. Па ацэнках спецыялістаў, Беларусь больш чым якая-небудзь іншая краіна Еўропы пацярпела ад гэтай вайны.

На беларускай зямлі нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Але як бы вялікі ні быў матэрыяльны ўрон, самай балючай і цяжкай стратай з'явілася гібель людзей. За гады акупацыі гітлераўцы правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі 5454 вёскі. Страшным сімвалам злачынстваў гітлераўцаў на беларускай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з усімі жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 сельскіх населеных пунктаў, 188 з якіх ужо ніколі не былі адноўлены.

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў вёсцы Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых вялікіх па колькасці знішчаных там людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206.500 чалавек. Прычым у адрозненне ад Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі ў ім знаходзілася галоўным чынам мясцовае насельніцтва. Акрамя таго, у 186 населеных пунктах былі створаны яўрэйскія гета. У мінскім гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чалавек, з якіх уцалелі адзінкі. Беларускія вучоныя гавораць аб тым, што ў Беларусі ў сучасных межах за гады вайны было знішчана 715 тыс. яўрэяў.

Лічыцца, што ў перыяд акупацыі ў Нямеччыну на прымусовую працу было вывезена каля 400 тыс. чалавек (у тым ліку 24 тыс. дзяцей).

Цяпер некаторыя даследчыкі лічаць, што з улікам ўскосных страт за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш млн. жыхароў Беларусі, г.зн. не менш, чым кожны трэці.

Занятак арганізавала і правяла старшы выкладчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Шуша Н.В.