Select your language

15 мая 2024 года Савет зямляцтваў БДУ, кафедра ўсходазнаўства і філіял-кандыдат Моладзевай платформы для краін ШАС SCOLAR Network у г. Мінску на базе ФМА БДУ сумесна правялі мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню гарбаты.

Гэта другая імпрэза, арганізаваная на факультэце філіялам-кандыдатам платформы. Адказным за правядзенне з боку філіяла-кандыдата, а таксама за агульную каардынацыю быў яго куратар, студэнт 3 курса спецыяльнасці “Лінгвакраіназнаўства” Паловінскі Арцём, з боку Савета зямляцтваў БДУ – яго старшыня Таўсултанаў Ахмед, з боку прафесарска-выкладчыцкага складу – старшы выкладчык Лешчанка Ксенія Ігараўна.

Актывісты Савета зямляцтваў БДУ расказалі гасцям пра чайныя традыцыі сваіх народаў. Студэнты з Казахстана прапанавалі сваю традыцыю прыгатавання малочнага чаю. Кітайскія студэнты прадэманстравалі ўсю разнастайнасць чайных гатункаў - ад зялёнага да чорнага. Студэнты з Азербайджана азнаёмілі гасцей з мясцовымі асаблівасцямі прыгатавання гарбаты. Замежныя ўдзельнікі і астатнія госці таксама змаглі пазнаёміцца са звычаямі чаявання Беларусі.

На стэндах была прадстаўлена інфармацыя пра гісторыю і значэнне Міжнароднага дня гарбаты, а таксама асноўныя звесткі пра Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і Моладзевую платформу для краін ШАС SCOLAR Network.

Для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства праведзена віктарына на веданне гісторыі сусветнай чайнай традыцыі, пераможцам якой стала студэнтка 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Кітова Аляксандра.

На мерапрыемстве гучалі многія мовы свету – як усходнія (кітайская, азербайджанская, казахская, арабская), так і заходнія. Студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства" Дунай Кацярына прадэкламавала верш пра гарбату на французскай мове. Студэнты з Кітая прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў рускай, англійскай і нямецкай моў.

Быў таксама арганізаваны куток кітайскай каліграфіі, дзе студэнты з КНР навучалі гасцей розным стылям напісання іерогліфаў. Кожны жадаючы мог паспрабаваць свае сілы і папрактыкавацца ў выяве іерогліфаў тушшу.

Удзельнікі і госці мерапрыемства далучыліся да чайных традыцый розных краін і ўзбагацілі свае веды аб культуры іншых народаў.

Міжнародны дзень гарбаты (International Tea Day) афіцыйна зацверджаны на 21 мая Генеральнай Асамблеяй ААН 21 снежня 2019 года. Тэматычныя мерапрыемствы праводзяцца ў маі ў многіх краінах свету. Міжнародны дзень гарбаты закліканы адзначыць культурную спадчыну, карысць для здароўя і эканамічную значнасць гарбаты. 

{gallery}2024/2024_05_15_02{/gallery}