30 сакавіка 2024 года студэнты першага курса спецыяльнасці «Усходазнаўства» з выкладчыкамі М. А. Ісачанковай і А. Я. Лабанавай наведалі музей «Лошыцкая сядзіба», размешчаны ў маляўнічым месцы на беразе ракі Лошыца ў доме-сядзібе – унікальным помніку архітэктуры XVIII – XIX. стст. Адно з самых цікавых мясцін у сучасным Мінску вядома з XVI ст., а на мяжы XIX – ХХ стст. славілася як адна з лепшых губернскіх гаспадарак і цэнтр свецкага жыцця. Рамантычная і трагічная гісторыя гаспадароў, Яўстафія і Ядвігі Любанскіх, ахутана легендамі.
Усходазнаўцы акунуліся ў атмасферу свецкага побыту канца XIX - пачатку XX стст. Асаблівую цікавасць выклікаў у студэнтаў пакой ва ўсходнім стылі. Гаспадыня дома была захоплена японскай культурай і мастацтвам.
Удзельнікі пазнаёміліся і з асаблівасцямі гарадскога і сельскага жыцця таго часу. У прысядзібным флігелі прадстаўлены самавары, прасы, медныя рэчы, транспартныя сродкі, прадметы ткацкага рамяства, адноўлены інтэр'еры пакоя кухаркі і сталовай.
Экскурсавод спынілася і на этапах станаўлення і развіцця Лошыцы. Гісторыя месца, дзе зараз размешчаны Лошыцкі парк, пачынаецца амаль тысячу гадоў таму, калі тут жылі плямёны дрыгавічоў.
Экскурсавод адказала на пытанні нашых наведвальнікаў. Экскурсія ў музей выклікала ў студэнтаў вялікую цікавасць, жаданне пабываць і ў іншых гістарычных мясцінах сваёй краіны.
Падобныя мерапрыемствы, безумоўна, карысныя для прафесійнай дзейнасці ўсходазнаўцаў, бо ў будучыні ім давядзецца знаёміць замежнікаў з гісторыяй роднай краіны, яе лепшымі месцамі.
{gallery}2024/2024_03_30_02{/gallery}