4 красавіка ў групе партугальскай мовы 2 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" прайшоў міжкафедральны круглы стол "Сержыу Буаркі ды Аланда і Шыку Буаркі ды Аланда: інтэрпрэтацыя фарміравання бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці" пад кіраўніцтвам прафесара кафедры міжнародных адносін С.Ф. Свілас і старшых выкладчыкаў кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Т.С. Шарупіч і Ю.І. Сіняўскай. Мерапрыемства прайшло на рускай і партугальскай мовах.
На занятках быў разгледжаны феномен бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці, асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце бразільскага гісторыка і сацыёлага Сержыу Буаркі ды Аланда «Карані Бразіліі» і творчасці яго сына, Шыку Буаркі ды Аланда, найбуйнейшай постаці сучаснай бразільскай культуры. Тэмы, якія бацька і сын закраналі ў сваіх працах, актуальныя і дагэтуль: ці ўдалося Бразіліі пераадолець каланіяльную спадчыну; ці знікла ў працэсе мадэрнізацыі тая патрыярхальная мадэль соцыума, якая, на думку С.Буаркі ды Аланда, спарадзіла «чалавека сардэчнага» — квінтэсенцыю бразільскай ідэнтычнасці з усімі яе добрымі якасцямі і недахопамі.
Прафесар кафедры міжнародных адносін С.Ф. Свілас выступіла з міні-лекцыяй аб фарміраванні бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў палемічным аспекце. У большасці дзяржаў сучаснага свету тэма ідэнтычнасці стала адным з лейтматываў сучаснага навуковага дыскурсу ў сферы гуманітарных ведаў. Для краін лацінаамерыканскага рэгіёна гэтая тэма выключна актуальная яшчэ і з прычыны ўласцівай ім вялікай этнакультурнай разнастайнасці. Асобна была выдзелена роля моўнага фактару ў фарміраванні моўнай ідэнтычнасці на тэрыторыі Бразіліі.
Студэнты ў сваіх выступах на партугальскай мове прааналізавалі розныя меркаванні па пытанні фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці Бразіліі, уключаючы супрацьлеглыя пункты гледжання адносна існавання самога гэтага феномена ў постмадэрнісцкім свеце, звярнуліся да пачатку таго гістарычнага працэсу, калі «бразілец» з'яўляецца не проста як суб'ектыўная з'ява самаідэнтыфікацыі, але , перш за ўсё, як феномен сацыякультурнай рэальнасці. На аснове аналізу была зроблена выснова, што нацыянальная ідэнтычнасць у Бразіліі, безумоўна, сфармавалася, але з часам яна перажывае пэўныя мадыфікацыі, на якія ўплываюць прасторава-гістарычныя, эканамічныя, культурныя і сацыяльныя фактары.
{gallery}2024/2024_04_04{/gallery}