Касмічны радыёмост першай жанчыны-касманаўта Беларусі Марыны Васілеўскай са студэнтамі і навучэнцамі БДУ паспяхова адбыўся 29 сакавіка ва ўніверсітэце. Удзельнікамі сеанса сувязі сталі таксама начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Пётр Пякуцька, кіраўнік апарата НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях Пётр Віцязь, рэктар БДУ Андрэй Кароль.
Спецыялісты факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ ў 17.50 па мінскім часе ўстанавілі прамы сеанс радыёсувязі з Міжнароднай касмічнай станцыяй (МКС) у момант яе палёту над Беларуссю. Таксама з месца падзеі вялася прамая трансляцыя на YouTube-канале БДУ.
Рэктар БДУ Андрэй Кароль падкрэсліў, што гэта сапраўды гістарычны момант для БДУ. "Мы адчуваем гонар, што менавіта ў нас ва ўніверсітэце ёсць магчымасці для рэалізацыі прамога сеансу сувязі з МКС", – падзяліўся рэктар. Працягваючы гэтую думку, кіраўнік ВНУ адзначыў, што беларускімі вучонымі зроблена вельмі шмат у галіне касмічных даследаванняў. Паводле слоў рэктара, спецыялістамі БДУ створана сетка наземных станцый прыёму тэлеметрычных даных з малых касмічных апаратаў, а 27 чэрвеня 2023 года на арбіту быў выведзены другі нанаспадарожнік БДУ.
Пагутарыць з суайчынніцай Марынай Васілеўскай прыйшлі каля 80 студэнтаў і навучэнцаў БДУ. Сувязь з МКС доўжылася каля 10 хвілін.
Падчас размовы ўдзельнікі задавалі розныя пытанні, якія іх цікавілі. Так, Марына Васілеўская расказала аб сваёй падрыхтоўцы да палёту, буднях касманаўтаў, а таксама ўражаннях ад касмічных пейзажаў і віду на Зямлю з ілюмінатара станцыі.
Па словах Марыны Васілеўскай, у выкананні касмічнай місіі ёй вельмі дапамог досвед працы бортправадніком. "Было лягчэй праходзіць навучанне для адпраўлення ў космас і ўжо пры вылеце на саму арбіту, паколькі дзякуючы прафесіі я была падрыхтавана да перагрузак, мела ўяўленне аб прыняцці рашэнняў у выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый", – падзялілася касманаўт.
Таксама яна адзначыла, што ў сваёй працы ў рамках бартавой праграмы будзе выкарыстоўваць сістэму арыентацыі відэаспектральнай апаратуры "Сава", якую распрацавалі вучоныя БДУ. Дадзенае абсталяванне прызначана для аўтаматычнага кіравання здымачнымі прыладамі і сачэння за аб'ектамі зямной паверхні без удзелу аператара. Адказваючы на пытанне аб бягучых задачах, Марына Васілеўская расказала, што праводзіць біятэхналагічныя эксперыменты з лактаферынам і прабіётыкамі.
Акрамя таго, усе ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з дасягненнямі вучоных БДУ ў галіне космасу. Так, яны змаглі ўбачыць макет і лічбавую мадэль другога касмічнага нанаспадарожніка БДУ "BSUSat-2", аптычную сістэму назірання за нізкаарбітальнымі касмічнымі аб'ектамі, а таксама сістэму арыентацыі відэаспектральнай апаратуры "Сава" і інш.
Гэта сустрэча прайшла ў рамках бартавога эксперыменту "Аб Гагарыне з космасу", які ўключаны ў навуковую праграму палёту беларускага касманаўта. Нагадаем, Марына Васілеўская стала першым касманаўтам у суверэннай гісторыі Беларусі. Яна прыбыла на МКС 25 сакавіка на караблі "Саюз МС-25" з Цэнтра кіравання палётамі "Раскосмасу". Таксама ў складзе ЭП-21 герой Расіі і лётчык-касманаўт, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі і амерыканскі бортінжынер, астранаўт Трэйсі Колдвел-Дайсан. Працягласць работы экіпажа ЭП-21 на расійскім сегменце МКС складзе 12 сутак.
{gallery}2024/2024_03_29{/gallery}