Снежаньскае пасяджэнне гуртка прамоўніцкага майстэрства і дэбатаў Debate on FIRe кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці (кіраўнік – старшы выкладчык, магістр міжкультурнай камунікацыі С. У. Салаўёва) было прысвечана абмеркаванню традыцый святкавання Новага года ў Рэспубліцы Беларусь і ў краінах вывучаемай мовы.
Напачатку ўдзельнікі актывізавалі свае веды ў гэтай галіне на аснове спецыяльна падабраных выкладчыкам пытанняў. У пытаннях былі закрануты такія аспекты, як традыцыя рабіць падарункі, прыгатаванне святочных страў, спосабы арганізацыі навагодніх урачыстасцей у нацыянальнай культуры і ў англамоўных краінах. Таксама члены гуртка падвялі для сябе вынікі мінулага года: што ім удалося, што можна было б зрабіць інакш. Абмеркаванне праходзіла ў фармаце групавой дыскусіі.
Цэнтральнай тэзай на этапе правядзення дэбатаў стала меркаванне аб тым, што папулярная традыцыя даваць сабе навагоднія абяцанні і зарокі не апраўдвае чаканняў. У прыватнасці, да найбольш папулярных адносяцца намеры прытрымлівацца больш здаровага ладу жыцця і свядомага стаўлення да пытанняў асобаснага развіцця. Каманда сцвярджэння адстойвала пазіцыю, што параўнальна малы працэнт людзей здольны прытрымлівацца намечаных планаў па самаўдасканаленні, і ўжо да лютага ўзровень матывацыі ідзе на спад, як гэта вынікае з вывучаных імі матэрыялаў. Гэта можа прыводзіць да фрустрацыі і зніжэння эмацыйнага фону. Больш за тое, былі адзначаны выпадкі, калі людзі не памятаюць, што яны самі сабе абяцалі ў пачатку года! Разам з тым, каманда адмаўлення адзначыла, што адсутнасць мэт і арыенціраў у прынцыпе робіць жыццё менш цікавым, пазбаўленым спаборнасці. Іх галоўная ідэя заключалася ў тым, што шмат залежыць ад эмацыйна-валявой сферы канкрэтнага чалавека. Як вядома, матывацыя дасягнення з'яўляецца больш прадуктыўнай, чым матывацыя пазбягання няўдач.
На завяршальным этапе актыўныя ўдзельнікі гуртка аратарскага майстэрства і дэбатаў – студэнты 2-га курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» Цімур Дудараў, Аліна Карчэўская, Крысціна Корнева, Арцём Куцэнка, Таісія Пахомская, Анастасія Сапсай і Ганна Шастапалава – усё ж рызыкнулі даць сабе самім абяцанні на будучы 2024-ы год, папярэдне ўзважыўшы ўсе перавагі і недахопы гэтай навагодняй традыцыі. Кіраўніцтва і актыў англамоўнага гуртка Debate on FIRe віншуюць усіх з надыходзячым Новым годам! Будзем спадзявацца, што ўсё задуманае абавязкова спраўдзіцца!