Select your language

18 снежня 2023 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл наведаў факультэт міжнародных адносін БДУ. У рамках свайго візіту спадар Пасол сустрэўся з прарэктарам па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцінам Уладзіміравічам Казадаевым і дэканам факультэта Аленай Анатольеўнай Дастанкай. На сустрэчы таксама прысутнічалі загадчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці В. У. Сідарэвіч-Стахнова і старшыя выкладчыкі партугальскай мовы Т. С. Шарупіч і Ю. І. Сіняўская.

Наведванне высокім госцем факультэта міжнародных адносін абумоўлена намерам развіваць партнёрскія адносіны ў галіне адукацыі і навукі. Ключавой тэмай гутаркі стала перспектыва супрацоўніцтва з адной з вядучых ВНУ Бразіліі – Федэральным універсітэтам Мінас-Жарайс. У якасці прыярытэтных напрамкаў былі названы ўзаемадзеянне ў галіне акадэмічнай мабільнасці, абмен вопытам у вывучэнні прыкладных IT-тэхналогій у сферы медыцыны, развіццё міжнародных адносін і эканомікі.

У другой палове візіту адбылася лекцыя спадара пасла “Публічная дыпламатыя Бразіліі ў XXI стагоддзі: этапы, формы, напрамкі” для студэнтаў факультэта, якія вывучаюць партугальскую мову, і выкладчыкаў партугальскай мовы кафедры. Таксама лекцыю наведала прафесар кафедры міжнародных адносін С.Ф. Свілас. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол падкрэсліў, што публічная дыпламатыя сёння стала дзейсным інструментам знешняй палітыкі і атрымала шырокае распаўсюджванне ў свеце. У час лекцыі былі разгледжаны тэарэтычныя аспекты публічнай дыпламатыі, у прыватнасці, выяўлены новыя моманты, якія з'явіліся ў публічнай дыпламатыі за апошнія гады (развіццё публічнай дыпламатыі міжнародных арганізацый, выкарыстанне інтэрнет-тэхналогій у рамках публічнай дыпламатыі і іншыя). Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням выкарыстання публічнай дыпламатыі ў канфліктных і крызісных сітуацыях. Спадар Клінгл падкрэсліў, што ў Бразіліі пад "публічнай дыпламатыяй" разумеецца не толькі комплекс знешнепалітычных мер, накіраваных на вывучэнне, інфармаванне і фарміраванне пазітыўнай замежнай грамадскай думкі ў дачыненні да пэўнай дзяржавы, гэта яшчэ і вялікая адкрытасць дзейнасці Міністэрства замежных спраў, папулярызацыя бразільскай знешняй палітыкі і дыпламатыі сярод прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці іншых краін. Адбылася актыўная дыскусія на партугальскай мове.

Кульмінацыяй сустрэчы стала вестка пасла аб выдзяленні стыпендый на навучанне ў Летняй школе Федэральнага ўніверсітэта Мінас-Жарайс для чатырох студэнтаў БДУ за неацэнны ўклад у падтрыманне партнёрства дзвюх краін і зацікаўленасць у распаўсюджванні бразільскай культуры. «Спачатку прапанова навучацца ў нашым універсітэце была адкрытая для студэнтаў усіх беларускіх ВНУ. Аднак я настаяў на БДУ, бо хацеў тым самым выказаць падзяку навучэнцам за плённую працу. Больш за тое, мы плануем зрабіць дадзеную праграму для студэнтаў галоўнага ўніверсітэта Беларусі штогадовай», – адзначыў амбасадар.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сведчыць сваю высокую павагу Пасольству Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь і Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Бернарду Жоргу Леапольду дэ Гарсія Клінглу асабіста і выказвае шчырую ўдзячнасць за яго падтрымку па развіццю і ўмацаванню партнёрскіх адносін у сферы адукацыі паміж Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія і Рэспублікай Беларусь.

Найбольш актыўна з Пасольствам Бразіліі ў Беларусі супрацоўнічае факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2000 года на кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці вядзецца выкладанне партугальскай мовы, а таксама ёсць абсталяваны кабінет і тэматычная аўдыторыя, аформленая пры падтрымцы Пасольства Бразіліі. Толькі за гэты навучальны год студэнты і выкладчыкі факультэта былі арганізатарамі і ўдзельнікамі больш як 5 сумесных адукацыйных і культурных мерапрыемстваў. 

{gallery}2023/2023_12_18{/gallery}