Студэнты 1-4 курсаў спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны", "Сусветная эканоміка", "Міжнароднае права", якія вывучаюць партугальскую мову, пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Шарупіч Т.С. і Сіняўскай Ю.І. прынялі ўдзел у трэцім фестывалі бразільскага кіно, які праходзіў у г. Мінску з 29 лістапада па 3 снежня.
Выкладчыкі і студэнты факультэта змаглі правесці цікавы кінауікэнд і ўбачыць на вялікім экране навінкі бразільскага кінематографа – біяграфічную драму ("Пурэза"), дакументальныя фільмы ("Эліс і Том – гэта павінна было здарыцца толькі з табой", "Пішынгінья"), рамантычную камедыю ( "Эдуарда і Моніка") і захапляльны дэтэктыў ("Розная праўда").
На адкрыцці фестывалю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл падкрэсліў важнасць правядзення мерапрыемства для ўмацавання беларуска-бразільскага культурнага супрацоўніцтва. На адкрыцці мерапрыемства таксама прысутнічала дырэктар кампаніі Linhas Produções Culturais Фернанда Бульёэс, якая распавяла пра бразільскія фільмы, прадстаўленыя на кінафестывалі.
Паказы фільмаў праходзілі ў кінатэатры "Піянер". Кінакарціны не змаглі пакінуць абыякавымі выкладчыкаў і студэнтаў факультэта, быў адзначаны высокі ўзровень арганізацыі падзеі.
«Мне пашчасціла пабываць на самым адкрыцці фестывалю, гэта было вельмі цікава! Па-першае, фільм "Том і Эліс", які мы паглядзелі, пазнаёміў нас з культурай Бразіліі. Па-другое, атмасфера, якая панавала ў сценах кінатэатра "Піянер" была незабыўная: вакол столькі ганаровых гасцей, усе гавораць на замежных мовах! Для мяне, як для чалавека, які толькі пачаў вывучаць партугальскую мову, гэта вельмі каштоўны досвед. Дзякуй пасольству Бразіліі і нашаму выкладчыку партугальскай мовы Сіняўскай Юліі Ігараўне за прадстаўленую магчымасць пабываць на такім мерапрыемстве!». (Алешнікава Аліна, студэнтка 2 курса, спецыяльнасць "Сусветная эканоміка".)
«Пасля прагляду фільма «Пішынгінья – закаханы ў музыку» мяне ахапіла бура эмоцый. У першую чаргу было вельмі цікава акунуцца ў атмасферу бразільскай культуры, а таксама даведацца пра падрабязнасці жыцця значнага для Бразіліі артыста, бо ў яго біяграфіі было шмат павучальнага. Чалавек, нягледзячы на сваю сілу, талент, бывае вельмі слабы. Але надыходзіць момант, калі ён знаходзіць сэнс у жыцці, знаходзіцца другое дыханне, і ўсё зноў пачынае атрымлівацца. Фільм аказаўся матывавальным і несумненна захапляльным, бо пасля прагляду з'явілася велізарнае жаданне і далей спазнаваць народныя каштоўнасці і традыцыі Бразіліі». (Тарабарава Таццяна, студэнтка 1 курса, спецыяльнасць "Міжнароднае права".)
«Усе фільмы былі вельмі цікавыя, асабліва спадабалася каларытнае музычнае суправаджэнне. Магчымасць пагутарыць з самім Спадарам паслом таксама вельмі парадавала. Фаварытам стаў фільм "Пішынгінья – закаханы ў музыку"!". (Палякаў Раман, студэнт 1 курса, спецыяльнасць "Міжнародныя адносіны".)
«Фестываль цудоўны, гэта ўнікальная магчымасць далучыцца да бразільскай культуры: да нормаў побыту, асаблівасцяў мовы і нацыянальнай музыкі. Мне, як чалавеку, які вучыць партугальскую мову, было вельмі карысна паслухаць жывую гаворку і паспрабаваць зразумець яе. Убачыць Спадара амбасадара і яго жонку, а таксама пагутарыць з імі на самім мерапрыемстве было вялікім гонарам для нас!». (Лучыц Ганна, студэнтка 1 курса, спецыяльнасць "Міжнародныя адносіны".)
Асобна трэба адзначыць, што мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь.
{gallery}2023/2023_12_03{/gallery}