3 лістапада 2023 г. дацэнт кафедры міжнародных адносін старшыня Савета па навукова-даследчай рабоце студэнтаў і аспірантаў ФМА БДУ, дацэнт Ігар Міхайлавіч Аўласенка пры падтрымцы Студэнцкай рады па якасці адукацыі і навуцы факультэта правёў занятак для студэнтаў пад назвай «Першы крок у навуку на ФМА БДУ». Занятак быў разлічаны менавіта на першакурснікаў, яго мэтай было азнаямленне з асноўнымі формамі навукова-даследчай дзейнасці на факультэце міжнародных адносін і ў БДУ ў цэлым.
На пачатку дыскусіі студэнты выказаліся пра асноўныя матывы, матэрыяльныя і нематэрыяльныя, якія падштурхоўваюць да ўдзелу ў студэнцкай навукова-даследчай дзейнасці. У далейшым дацэнт І. М. Аўласенка расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці Савета па НДРСА ФМА БДУ, пазнаёміў прысутных з пералікам студэнцкіх навуковых аб'яднанняў (студэнцкіх навуковых лабараторый і гурткоў), а таксама больш падрабязна спыніўся на дзейнасці некаторых з іх (у прыватнасці, СНДЛ "Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз» і СНДЛ «Права міжнароднай бяспекі»). Спікер растлумачыў студэнтам аптымальную стратэгію навуковай дзейнасці для назапашвання індывідуальнага партфоліо і наступнага ўдзелу ў конкурсах. Былі пералічаны асноўныя канферэнцыі і зборнікі, у якіх могуць апублікавацца студэнты факультэта міжнародных адносін.
Напрыканцы дацэнт І. М. Аўласенка расказаў пра свой уласны шлях у навуку, пра свае замежныя паездкі са студэнтамі на розныя міжнародныя форумы і канферэнцыі, якія мелі месца раней. Ён таксама паведаміў аб прайшоўшым у красавіку Тыдні студэнцкай навукі на факультэце, аб запрошаных спікерах, паказаў фатаграфіі з фестывалю навукі, які адбыўся ў пачатку верасня ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Закрануты былі і іншыя, незвычайныя формы правядзення даследаванняў і абмеркавання іх вынікаў, такія, як фестываль "Антынавуковая канферэнцыя БДУ", розныя квізы і віктарыны. Былі анансаваны найбліжэйшыя навуковыя мерапрыемствы на факультэце. Студэнты пагадзіліся, што ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці не толькі карысны з пункту гледжання развіцця навыкаў выступлення і працы з тэкстам, але і вельмі цікавы.
{gallery}2023/2023_11_03{/gallery}