Select your language

10 лістапада ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылася сустрэча з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Куба Мануэлем Марэра Крусам, які знаходзіўся ў нашай краіне з афіцыйным візітам.

У сустрэчы прынялі ўдзел дэкан факультэта міжнародных адносін А. А. Дастанка, заг. кафедры рамана-германскіх моў В. В. Сідарэвіч-Стахнова, студэнты 1 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны», якія вывучаюць іспанскую мову ў якасці першай замежнай.

Сярод гасцей і ўдзельнікаў гэтага важнага для развіцця беларуска-кубінскіх адносін мерапрыемства былі прадстаўнікі МЗС Рэспублікі Беларусь, парламентарыі, палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычных місій Кубы і Венесуэлы, вучоныя, журналісты, беларускія камуністы і прадпрымальнікі, ветэраны Карыбскага крызісу і інш.

На сустрэчы высокі госць расказаў аб стане двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Куба, аб прыярытэтных напрамках супрацоўніцтва, у ліку якіх – развіццё кантактаў у аграпрамысловым сектары і стварэнне сумесных прадпрыемстваў на Кубе па выпуску мяса-малочных прадуктаў харчавання, узаемадзеянне ў сферы фармацэўтыкі, аб планах па запуску прамога авіярэйса паміж Беларуссю і Кубай.

Ён падзякаваў за падтрымку, якую аказвае наша краіна Кубе на ўсіх міжнародных пляцоўках, і адзначыў, што, нягледзячы на вялікую адлегласць паміж нашымі краінамі, беларускі народ вельмі блізкі да кубінскага народа па духу. "У нашых сэрцах мы знаходзімся побач", – адзначыў высокі госць. Яму было асабліва прыемна бачыць моладзь на сустрэчы, бо, на думку прэм'ер-міністра, менавіта за ёй будучыня.

Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Прагучала беларуская музыка ў выкананні цымбалістаў, а таксама песня «Куба – любоў мая», якую падхапіла зала. 

{gallery}2023/2023_11_10_02{/gallery}