27 кастрычніка 2023 года студэнты 1 і 2 курсаў спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны", "Сусветная эканоміка", "Міжнароднае права", якія вывучаюць партугальскую мову, пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Шарупіч Т.С. і Сіняўскай Ю.І. наведалі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь і сустрэліся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Бразіліі ў Беларусі Бернардам Жоргам Леапольдам дэ Гарсія Клінглам.
Для студэнтаў і выкладчыкаў была арганізавана лекцыя, якую прачытаў спадар Амбасадар. У час свайго выступлення Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл падрабязна спыніўся на розных асаблівасцях знешняга і ўнутранага развіцця сваёй краіны, расказаў пра сучасную Бразілію, яе ўдзел у рэгіянальных міжнародных арганізацыях, асаблівасці бразільскай дыпламатыі. Таксама былі закрануты пытанні фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, падкрэслена яе важнасць у развіцці любой дзяржавы. Асаблівая ўвага была ўдзелена маючым адбыцца акадэмічным мабільнасцям у рамках падпісанага Мемарандума аб узаемаразуменні паміж БДУ і федэральным Універсітэтам Мінас-Жэрайс у Бразіліі. Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі, задаючы пытанні на партугальскай мове.
У ходзе сустрэчы з выкладчыкамі бакі вызначылі асноўныя напрамкі сумеснай работы на 2023/2024 навучальны год. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням папулярызацыі партугальскай мовы і культурных каштоўнасцей Бразіліі сярод студэнтаў, якія вывучаюць партугальскую мову на факультэце міжнародных адносін.
Запрашэнне студэнтаў на такія мерапрыемствы сведчыць аб высокім патэнцыяле і важнасці адукацыйных кантактаў для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія.
{gallery}2023/2023_10_27{/gallery}