Select your language

Другі год запар у Мінску праходзіць Фестываль лацінаамерыканскай культуры, у якім студэнты факультэта міжнародных адносін прымаюць актыўны ўдзел. Для знаемства з традыцыями далёкіх краін было адведзена чатыры дні, насычаных разнастайнымі майстар-класамі, выставамі і канцэртамі. Навучыцца танцаваць бачату, паглядзець аўтарскае кіно ці паспрабаваць традыцыйны венесуэльскі дэсерт — праграма фестывалю не пакінула абыякавымі ўдзельнікаў усіх узростаў.

5 кастрычніка студэнты факультэта, якія вывучаюць іспанскую мову, наведалі гастранамічны майстар-клас і пазнаёміліся з асаблівасцямі нацыянальнай кухні.

Прэзентацыю адкрыла Першы сакратар Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, спадарыня Майрэна Ньевес, паказаўшы працэс прыгатавання венесуэльскага дэсерту "Маркіза" на аснове шакаладу і бісквітнага печыва.

Пасля эстафету пераняла прадстаўнік кубінскай дэлегацыі. Стэнд гэтай краіны прадставіў два варыянты нацыянальных страў «антыльскай жамчужыны»: так званыя, «бульбяныя барабаны» і фаршаваная бульба. Прыемна было бачыць адзін з галоўных нацыянальных беларускіх прадуктаў у такой незвычайнай падачы.

Заключным этапам стала прэзентацыя дэлегацыі Нікарагуа з Масквы. У прысутных была магчымасць азнаёміцца з падрыхтоўкай традыцыйнага сняданку пад выступленне нікарагуанскага музычнага калектыву.

Галоўнай асаблівасцю вечарыны стала магчымасць для студэнтаў асабіста паразмаўляць з прадстаўнікамі запрошаных дэлегацый на іспанскай мове і абмеркаваць тэмы, якія адносяцца не толькі да культуры краін Лацінскай Амерыкі, але і аспекты супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з гэтымі краінамі. Студэнтам-другакурснікам факультэта міжнародных адносін удалося ўзяць кароткае інтэрв'ю ў Першага сакратара Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла і абмеркаваць далейшыя перспектывы развіцця адносін у сферы культуры, у тым ліку была агучана ідэя правядзення гастранамічнага фестывалю на базе факультэта міжнародных адносін у найбліжэйшай будучыні.

Падрыхтавала Вераніка Бобрык, 2 курс спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" 

{gallery}2023/2023_10_05{/gallery}