У 2023 г. адбылася III Міжнародная алімпіяда па фінансавай бяспецы (праводзіцца з 2021 г.), якую арганізуюць Федэральная служба па фінансавым маніторынгу Расійскай Федэрацыі, Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт як удзельнікі Міжнароднага сеткавага інстытута ў сферы супрацьдзеяння адмыванню даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму (МСІ ў сферы ПАД/ФТ).
Штогод алімпіяда праводзіцца па наступных напрамках у галінах фінансавай бяспекі, фінансавага маніторынгу ў мэтах ПАД/ФТ: эканоміка, фінансы і крэдыт, эканамічная бяспека; юрыспрудэнцыя; інфармацыйная бяспека; міжнародныя адносіны. Першы этап Алімпіяды, у тым ліку на факультэце міжнародных адносін, адбыўся ў маі 2023 г.
Студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Мытная справа", член СНДЛ "Эканамічная бяспека знешнеэканамічнай дзейнасці" Дар'я Бут-Гусаім прыняла ўдзел у фінальным этапе алімпіяды па напрамку "Міжнародныя адносіны" (усяго ўдзельнічаў 41 чалавек з 19 краін СНД і БРІКС). Мерапрыемства прайшло з 2 па 6 кастрычніка 2023 г. у адукацыйным цэнтры “Сірыус” (г. Сочы). Дар'я па гэтым напрамку стала адным з пераможцаў і ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
Віншуем і жадаем далейшых творчых поспехаў, пашырэння адукацыйных і прафесійных кампетэнцый і новых дзейсных дасягненняў!!!
Трэба адзначыць, што да Міжнароднай алімпіяды па фінансавай бяспецы з кожным годам далучаюцца новыя краіны. На гэты момант алімпіядны рух ужо ахапіў чатыры кантыненты. У 2023 г. дзяржавамі-ўдзельніцамі сталі Расія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Арменія, Бразілія, Кітай, Індыя, ПАР, Алжыр, Венесуэла, В'етнам, Іран, Куба, Намібія і Пакістан. За тры гады правядзення Алімпіяды геаграфія ўдзельнікаў значна пашырылася.
У рамках алімпіяды праводзіліся майстар-класы і дыскусіі міжнароднага ўзроўню, прысвечаныя банкаўскай бяспецы, барацьбе з фінансавымі пірамідамі, аперацыям на крыптарынцы і іншым актуальным пытанням. Праграма фінальнага этапа апрача конкурсных заданняў уключала сустрэчы з запрошанымі экспертамі і патэнцыяльнымі работадаўцамі, майстар-класы, панэльныя дыскусіі, экскурсіі і спартыўныя спаборніцтвы. Пляцоўка Алімпіяды становіцца таксама месцам сустрэчы працадаўцаў і будучых супрацоўнікаў, а таксама аднадумцаў, вартых перамогі ў гэтых спаборніцтвах. У рамках фінальнага тыдня са школьнікамі і студэнтамі размаўлялі эксперты ў сферы фінансавай бяспекі з розных краін: прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, банкаўскага сектара, бізнес-супольнасці, а таксама міжнародных арганізацый.
Падчас алімпіяднага тыдня адбылася прэзентацыя сацыяльна-адукацыйнай платформы "Садружнасць". Платформа «Садружнасць» — гэта лічбавая прастора, дзе школьнікі і студэнты змогуць рыхтавацца да алімпіяды, прафесіяналы — дзяліцца ідэямі і напрацоўкамі, публікаваць свае артыкулы, аўдыё і відэакантэнт, праводзіць вэбінары. Экспертнай супольнасці рэсурс неабходны як банк актуальных ведаў аб фінансавай бяспецы краін свету.
На пленарнай сесіі "Гутарка на роўных", праведзенай у рамках III Міжнароднай алімпіяды па фінансавай бяспецы, выступіў Прэзідэнт Расіі У. У. Пуцін і пагутарыў з удзельнікамі фінальнага этапу спаборніцтваў.
Запрашаем і заклікаем студэнтаў ФМА БДУ прыняць актыўны ўдзел у чарговай IV Міжнароднай алімпіядзе па фінансавай бяспецы ў 2024 годзе! Чакаем новых дасягненняў і перамог!
В. М. Дзядок, нам. дэкана ФМА па навуковай рабоце
Л. І. Тарарышкіна, заг. кафедрай еўразійскіх даследаванняў

