28 верасня 2023 г. на факультэце міжнародных адносін быў праведзены міжнародны навукова-практычны семінар "Даследаванне міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы". Ініцыятарам правядзення семінара стала кафедра міжнародных адносін. Працу навуковага мерапрыемства адкрыла загадчык кафедры міжнародных адносін, доктар палітычных навук, прафесар Ю. І. Малевіч, якая агучыла прывітальнае слова дэкана факультэта міжнародных адносін А. А. Дастанка. Удзельнікі навукова-практычнага семінара па традыцыі сканцэнтравалі ўвагу на праблемах і перспектывах правядзення навуковых даследаванняў у галіне міжнародных адносін.
Работа семінара праходзіла ў рамках дзвюх навуковых секцый. На першай секцыі разглядаліся пытанні вывучэння і выкладання праблем міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь у кантэксце асноўных тэндэнцый развіцця гуманітарных навук і адукацыйнага працэсу. На другой секцыі беларускія вучоныя-міжнароднікі ацанілі практычныя пытанні ажыццяўлення знешняй палітыкі Беларусі ў кантэксце трансфармацыі сучасных міжнародных адносін і канструявання еўразійскай прасторы ў новых умовах. У працы навукова-практычнага семінара прынялі ўдзел каля 25 чалавек (у тым ліку супрацоўнікі пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь), паведамленні зрабілі 14 чалавек.
Удзельнікі семінара заслухалі выступленні дактароў гістарычных навук прафесараў кафедры міжнародных адносін А. В. Шарапы, В. Я. Снапкоўскага, дацэнта С. Ф. Свілас, кандыдатаў гістарычных навук, дацэнтаў кафедры міжнародных адносін А. В. Дземідовіч, В. С. Жураўскай, І. І. Кавяка, С. А. Лашкевіча, А. С. Міксюк (са студэнткай К. А. Паўлоўскай), А. У. Селіванава, А. В. Ціхамірава, кандыдата палітычных навук, старшага выкладчыка кафедры міжнародных адносін І. А. Чувілава, старшага выкладчыка кафедры міжнародных адносін К. Л. Снісарэнкі, аспіранта кафедры міжнародных адносін А. Д. Чарняк. Актыўны ўдзел у рабоце семінара прынялі загадчык аддзела аспірантуры і дактарантуры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. В. Гурын, аспірант РІВШ М. М. Юспа. Вынікі сумеснага беларуска-ўзбекскага даследчага праекта прадставіла прафесар кафедры эканомікі, арганізацыі будаўніцтва і кіравання нерухомасцю БНТУ В. С. Голубава. У рамках работы семінара была звернута ўвага на тое, што кафедра міжнародных адносін БДУ застаецца адным з вядучых навуковых цэнтраў па вывучэнні праблем міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь. Прафесар В. Я. Снапкоўскі прапанаваў рабочую перыядызацыю дзейнасці кафедры, вылучыўшы тры этапы ў яе гісторыі (першы этап – 1992–2002 гг., другі этап – 2002–2012 гг., трэці этап – 2012 г. – цяперашні час). У выступленнях А. С. Жураўскай і І. А. Чувілава былі ацэнены вынікі навуковай дзейнасці кафедры ў галіне вывучэння вядучых еўрапейскіх арганізацый і кітайскай ініцыятывы «Аднаго пояса і аднаго шляху».
С. Ф. Свілас, І. І. Кавяка, К. Л. Снісарэнка і М. М. Юспа сканцэнтравалі ўвагу на метадалагічных аспектах вывучэння міжнародных адносін. С. Ф. Свілас раскрыла спецыфіку сістэмнага падыходу ў кантэксце вывучэння міжнародных адносін і знешняй палітыкі.
І. І. Кавяка прааналізавала асаблівасці вывучэння германскага пытання ў гістарычных працах Вялікабрытаніі і ЗША ў перыяд разрадкі міжнароднай напружанасці ў ХХ ст. К. Л. Снісарэнка і М. М. Юспа далі навуковую ацэнку некаторых паняццяў, якія выкарыстоўваюцца пры вывучэнні міжнародных адносін («іміграцыйнае пытанне», «калектыўны сімвалічны капітал»), звярнуўшы ўвагу на магчымасць іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці.
Вялікая ўвага ў рамках семінара была ўдзелена пытанням ажыццяўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе. У выступленнях А. В. Ціхамірава, А. В. Дземадовіч і С. А. Лашкевіча было прааналізавана ўздзеянне глабальнага перафарматавання сучасных міжнародных адносін на знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь.
Выступоўцы звярнулі ўвагу на ўзмацненне еўразійскага трэка ў ажыццяўленні знешнепалітычнай дзейнасці беларускай дзяржавы, павышэнне значнасці новых фарматаў супрацоўніцтва ў асобе ШАС і БРІКС, узрастанне знешніх пагроз ва ўмовах пераходу да шматпалярнага свету і супрацьдзеяння краін "калектыўнага Захаду" гэтаму пераходу. Яны звярнулі ўвагу на мэтазгоднасць актывізацыі дыялогу Беларусі з "малымі" дзяржавамі Азіі і Лацінскай Амерыкі ў двухбаковым і шматбаковым фарматах.
А. С. Міксюк і К. А. Паўлоўская, а таксама А.У. Селіванаў раскрылі асаблівасці дзейнасці міжнародных арганізацый (СНД і ААН), даўшы ацэнку вынікам забеспячэння гендэрнай роўнасці ў СНД і вырашэння праблем бежанцаў у Афрыцы ў 1958—1985 гг. А. Д. Чарняк ацаніла асноўныя формы пасярэдніцтва ў знешняй палітыцы Расійскай Федэрацыі.
Прапановы па арганізацыі навуковых даследаванняў у галіне міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі, якія прагучалі ў ходзе работы семінара, будуць адлюстраваны ў зборніку артыкулаў, які плануецца выдаць па выніках навуковага мерапрыемства.
{gallery}2023/2023_09_28{/gallery}