Select your language

11 мая 2023 года ў групе партугальскай мовы 2 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" прайшоў міжкафедральны круглы стол "Сержыу Буаркі ды Аланда і Шыку Буаркі ды Аланда: інтэрпрэтацыя фарміравання бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці" пад кіраўніцтвам прафесара кафедры міжнародных адносін С. Ф. Свілас і старшашга выкладчыка кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Ю.І. Сіняўскай. Мерапрыемства прайшло на рускай і партугальскай мовах.

На мерапрыемстве быў разгледжаны феномен бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці, асаблівая ўвага надавалася рабоце бразільскага гісторыка і сацыёлага Сержыу Буаркі ды Аланда «Карані Бразіліі» і творчасці яго сына, Шыку Буаркі ды Аланда, найбуйнейшай постаці сучаснай бразільскай культуры. Тэмы, якія бацька і сын закраналі ў сваіх працах, актуальныя і дагэтуль: ці ўдалося Бразіліі пераадолець каланіяльную спадчыну; ці знікла ў працэсе мадэрнізацыі тая патрыярхальная мадэль соцыума, якая, на думку С.Буаркі ды Аланда, спарадзіла «чалавека сардэчнага» — квінтэсенцыю бразільскай ідэнтычнасці з усімі яе добрымі якасцямі і недахопамі?

Прафесар кафедры міжнародных адносін С.Ф. Свілас выступіла з міні-лекцыяй аб фарміраванні бразільскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў палемічным аспекце. У большасці дзяржаў сучаснага свету тэма ідэнтычнасці стала адным з лейтматываў сучаснага навуковага дыскурсу ў сферы гуманітарных ведаў. Для краін лацінаамерыканскага рэгіёна гэтая тэма выключна актуальная яшчэ і з прычыны ўласцівай ім вялікай этнакультурнай разнастайнасці. Асобна была выдзелена роля моўнага фактару ў фарміраванні моўнай ідэнтычнасці на тэрыторыі Бразіліі.

Студэнты ў сваіх выступах на партугальскай мове прааналізавалі розныя меркаванні па пытанні фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці Бразіліі, уключаючы супрацьлеглыя пункты гледжання адносна існавання самога гэтага феномена ў постмадэрнісцкім свеце, звярнуліся да пачатку таго гістарычнага працэсу, калі «бразілец» з'яўляецца не проста як суб'ектыўная з'ява самаідэнтыфікацыі, але, перш за ўсё, як феномен сацыякультурнай рэальнасці. На аснове аналізу была зроблена выснова, што нацыянальная ідэнтычнасць у Бразіліі, безумоўна, сфармавалася, але з часам яна перажывае пэўныя мадыфікацыі, на якія ўплываюць прасторава-гістарычныя, эканамічныя, культурныя і сацыяльныя фактары.