Select your language

27 красавіка Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь сп. Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл і Дарадца пасольства Ігар Флавіа дэ Агіар Жэрмана наведалі факультэт міжнародных адносін БДУ. У рамках свайго візіту бразільскія дыпламаты прынялі ўдзел у 80-ай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ФМА БДУ ў якасці членаў журы ў рабоце 54 секцыі "Рэгіён Лацінскай Амерыкі ў сусветнай палітыцы" (старшыня секцыі старшы выкладчык Ю. І. Сіняўская) і 55 секцыі "Садружнасць партугаламоўных краін у сістэме міжнародных адносін" (старшыня секцыі старшы выкладчык Т.С. Шарупіч) кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці. Варта адзначыць, што секцыя "Рэгіён Лацінскай Амерыкі ў сусветнай палітыцы" праходзіла на ўзроўні міжкафедральнага супрацоўніцтва з кафедрай міжнародных адносін (сустаршыня секцыі прафесар кафедры міжнародных адносін С.Ф. Свілас).

Удзельнікамі канферэнцыі сталі студэнты 1-3 курсаў спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны" і "Мытная справа", якія вывучаюць партугальскую мову. Удзельнікі падрыхтавалі выступленні, што закранаюць пытанні знешняй палітыкі Бразіліі і іншых партугаламоўных краін, культурныя і сацыяльныя аспекты, а таксама актуальныя праблемы рэгіёна. Асобнай увагі заслугоўваюць даклады, прысвечаныя двухбаковым адносінам паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія, ролі і месцу Бразіліі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, ролі жанчыны ў сучасным бразільскім грамадстве.

Падчас працы секцый дыпламаты каментавалі і ацэньвалі кожны выступ з пункту гледжання яго навуковага зместу і валодання мовай. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты ўдзельніка, памятныя падарункі пасольства Бразіліі і салодкія прызы. Спадар Амбасадар даў высокую ацэнку ўзроўню навуковай і моўнай падрыхтоўкі студэнтаў, а таксама прафесіяналізму выкладчыкаў партугальскай мовы.

Асобна варта адзначыць сустрэчу бразільскіх дыпламатаў з кіраўніцтвам факультэта, падчас якой бакі заявілі аб гатоўнасці падтрымліваць адносіны паміж пасольствам і факультэтам. 

{gallery}2023/2023_04_27{/gallery}