Select your language

25 сакавіка 2023 г. студэнты 3 курса спецыяльнасці “Лінгвакраіназнаўства”, якія вывучаюць кітайскую мову, сумесна са старшым выкладчыкам кафедры ўсходніх моў Лешчанка Ксеніяй Ігараўнай наведалі ХХХ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш.

Студэнты агледзелі ўсе экспазіцыі: праслухалі дыскусію пісьменнікаў у адным з павільёнаў Расіі, пазнаёміліся з біяграфіяй знакамітых палітычных дзеячаў у павільёне Венесуэлы, палюбаваліся маляўнічымі выданнямі на стэндах Узбекістана, Індыі і іншых краін. Студэнтка 3 курса Пуцель Анастасія ў павільёне Пасольства Дзяржавы Палестына ў Рэспубліцы Беларусь зачытала для наведвальнікаў экспазіцыі верш пра Радзіму на беларускай мове.

Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікала экспазіцыя міжнароднай выдавецкай кампаніі "Шанц", дзе былі шырока прадстаўлены кнігі аб культуры, палітыцы, навуцы і тэхніцы Кітая на кітайскай мове і ў перакладах на рускую і беларускую мовы, а таксама розныя навучальныя дапаможнікі і мастацкая літаратура. На стэндах кампаніі наведвальнікі выставы змаглі азнаёміцца з кнігамі кітайскіх аўтараў у перакладзе супрацоўнікаў кафедры ўсходніх моў. У прыватнасці, з выданнямі "Архітэктура пратаколаў радыёпадсістэмы 5G" (перакладчык – Карасёва Ксенія Уладзіміраўна, заг. кафедры, дацэнт) і "15 лекцый па гісторыі Кітая" (перакладчык – Лешчанка Ксенія Ігараўна, ст. выкладчык).

ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіла 22-26 сакавіка 2023 г. у выставачным цэнтры “Белэкспа” і сабрала больш за 50 тысяч наведвальнікаў.