7 сакавіка 2023 г. адбылося паседжанне студэнцкага франкафоннага дыскусійнага клуба "Voix(e?)" на тэму «Сучасныя святы: традыцыя ці камерцыя?» – “Les fêtes et leur commercialisation”. У якасці вядучых выступілі студэнты нашага факультэта Луневіч Карына (2 курс, спецыяльнасць «Міжнародныя адносіны») і Шырынскі Аляксандр (1 курс, спецыяльнасць «Міжнародныя адносіны»), а прысутнічалі і прынялі ўдзел у дыскусіі студэнты 1, 2 і 3 курсаў, а таксама выкладчыкі кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці.
Святы традыцыйна былі сапраўдным рытуалам, спосабам расслабіцца, адпачыць, правесці час з сям'ёй. Калі казаць пра сучасныя ўрачыстасці, то ў вочы кідаецца іх празмерная камерцыялізацыя. Святы становяцца нагодай купіць, прадаць і губляюць свой першапачатковы сэнс.
Працэс камерцыялізацыі непазбежны ва ўсіх сферах жыцця, і святы не з'яўляюцца выключэннем. Але яны не павінны станавіцца проста камерцыйнымі аперацыямі, яны павінны захоўваць сваё галоўнае прызначэнне: аб'ядноўваць людзей, прыносіць радасць і пакідаць добрыя ўспаміны. Прысвяцім жа нашы святы сям'і, сябрам, весялосці, а не матэрыяльным рэчам.
